Вусы, якія скарылі Польшчу. Ці выйграе беларус Pan Savyan для палякаў «Еўрабачанне»?
Гэты хлопец стаў пазнавальны дзякуючы вірусным ролікам у тыктоку, а цяпер можа паехаць на галоўны музычны конкурс Еўропы.
09.02.2024 / 10:41
Дзмітрый Саўян. Фота: фэйсбук
Нягледзячы на тое, што сярод прэтэндэнтаў на пуцёўку на «Еўрабачанне» ад Польшчы ў гэтым годзе такія вядомыя ў краіне выканаўцы, як Юстына Стэчкоўска і Эдыта Гурняк, інтэрнэт-карыстальнікі выказваюць сваю прыхільнасць Дзмітрыю Саўяну са сцэнічным псеўданімам Pan Savyan з песняй W Kolorku Amaretto («У колеры амарэта»). Пра спевака піша Gazeta Wyborcza.
Чым тлумачыцца поспех песні
Па словах Дзмітрыя Саўяна, сваёй песняй яму атрымалася выклікаць у польскіх слухачах настальгію па 1990-х гадах, перадаўшы атмасферу той эпохі з яе песнямі пра каханне і стыль відэакліпаў дыска-пола.
У каментарах палякі часта пішуць, што няма такога слова, як «kolorek». Але выканаўца сцвярджае, што пачуў яго выпадкова ў размове двух жанчын у магазіне. Адна другой расказвала, што купіла сабе блузку «kolorku amaretto». Па словах выканаўцы, яго адразу агарнула хваля настальгія і ён вырашыў стварыць танцавальны хіт для некалькіх пакаленняў.
На сёння кліп у стылі 1990-х — залатога веку дыска-пола — на ютубе набраў каля мільёна праглядаў. Спявак у ім парадзіруе творчасць артыстаў дыска-пола. І робіць гэта так дакладна, што не магчыма не ўсміхнуцца падчас прагляду кліпа.
Сам выканаўца адзначае, што ў Беларусі няма эквіваленту дыска-пола. На яго погляд, гэты стыль — трохі перажытак савецкай эстраднай музыкі. Па словах Саўяна, поспех дыска-пола ў Польшчы можна патлумачыць тым, што выканаўцы спяваюць аб простых, блізкіх людзям рэчах. Пры гэтым у песнях базавая аранжыроўка. Галоўнае тое, што слухачы могуць атаясаміць сябе з артыстамі, стаяць за імі ў чарзе ў магазіне і нават не ведаць аб гэтым.
Хто такі Pan Savyan
Дзмітрыю Саўяну 38 гадоў. Ён з Беларусі і да прыезду ў Польшчу жыў у Кіеве. Украінскую сталіцу Саўян пакінуў пасля расійскага ўварвання. На чвэрць ён зʼяўляецца палякам (адна з яго бабуль была полькай).
Пасля прыезду ў Польшчу Дзмітрый выступаў у Варшаве са сваёй стэндап-праграмай. Цяпер на гэта няма часу. Поўны працоўны дзень ён аддае песеннай творчасці. Кліпы ён стварае сам, выкарыстоўваючы смартфон. У выканаўцы шмат планаў, у пятніцу, 9 лютага, ён выпусціць чарговы сінгл: «Miasto miłości» («Горад кахання»).
Многія бачылі Саўяна з яго жартаўлівымі віруснымі песнямі на польскай у тыктоку.
Пра свае вусы Pan Savyan гаворыць, што яны зʼяўляюцца сімвалам мужнасці пасля трыццаці.
«Мой тата таксама носіць такія. Я думаю, што ў пэўным узросце мужчыны адрошчваюць іх, каб не было сумневаў у тым, што з імі трэба лічыцца. Мае вусы са спецыялізаванай крамы для акцёраў. З імі мяне часцей пазнаюць на вуліцы, але і без іх такое таксама бывае», — адзначае выканаўца.
Магчымасць удзелу ў «Еўрабачанні»
Свае шанцы на паездку ў шведскі Мальмё Дзмітрый Саўян ацэньвае з асцярожнасцю.
«Было б выдатна, каб гэта атрымалася. «Еўрабачанне» для мяне амаль сямейнае свята, конкурс, які можна паглядзець разам з сябрамі. І я такі бюджэтны варыянт «Еўрабачання», — з гумарам распавёў выканаўца.
На гэты момант Саўян чакае атрымання польскага грамадзянства. Яго наяўнасць зʼяўляецца абавязковым патрабаваннем для прадстаўлення краіны на конкурсе. Дакументы ён падаў у лістападзе. Рашэнне павінна быць у красавіку.
Але Польскае тэлебачанне (TVP) мае права выдаць «уайлд-кард», дзякуючы якой можна заплюшчыць вочы на пытанне грамадзянства ўдзельніка папярэдняга адбору. Вось толькі пытанне, ці зробіць TVP стаўку на Pana Savyana.
Чытайце яшчэ:
Беларус падаў заяўку на польскі адбор на «Еўрабачанне». Што за ён?
Паўтары тысячы музыкантаў Фінляндыі патрабуюць выключыць Ізраіль з Еўрабачання
Ад Украіны на «Еўрабачанне» паедзе дуэт Alyona Alyona і Jerry Heil