11-гадовы футбаліст з Беларусі Аляксей Маёраў заключыў кантракт з Adidas
Юны футбаліст з Беларусі Аляксей Маёраў заключыў кантракт з брэндам спартыўнага адзення Adidas, заўважыла «Еўрарадыё» ў інстаграм-акаўнце @nashebuduschee.
08.02.2024 / 14:12
«Кантракт на 3 гады з магчымасцю без абмежаванняў экіпіроўкі і вялікай сумы (сума не выдаецца). Пажадаем Аляксею поспеху і чакаем навін ад яго», — пішуць футбольныя інсайдары.
Раней з'явілася інфармацыя, што іспанскі клуб «Рэал» гатовы заплаціць за юнага футбаліста з Беларусі 120 тысяч долараў. Такое паведамленне апублікавалі ў пабліку «Беларускі футбол» са спасылкай на экс-форварда зборнай Беларусі Мікалая Рындзюка.
Цяпер Лёша гуляе за клуб «Серданьёла», расказвала некалькі месяцаў таму футбольная агентка з Іспаніі Карына Шумета. Паводле яе, Маёраў мог бы трэніравацца ў акадэміі «Барселоны», але праз праблемы з дакументамі вымушаны часова заставацца ў меншым клубе.
Юнаму беларусу ўсяго 11 гадоў. Лёша звярнуў на сябе ўвагу каля пяці гадоў таму, калі на адкрыцці фан-зоны да Чэмпіянату свету па футболе ў Мінску змог набіць мяч 12 тысяч разоў. Тады ён трэніраваўся ў футбольнай акадэміі мінскага «Дынама», а яшчэ хадзіў на заняткі па футбольным фрыстайле, боксе, барацьбе і плаванні.
Аляксей гуляе ў нападзенні, а сваім любімым футбалістам яшчэ 5 гадоў таму называў Ліянэля Месі, пісала «Трыбуна».
Чытайце таксама:
Прэзентавалі медалі Алімпіяды. Яны прыгожыя і перадаюць дух Францыі