Знішчальнікі не даляцяць, БТРы не даедуць. Што з анансаванымі пастаўкамі ў Беларусь расійскіх узбраенняў?
У нядзелю тэлеканал ВаенТБ апублікаваў інтэрв'ю намесніка міністра абароны па ўзбраенні Андрэя Федзіна. Падчас яго чыноўнік расказаў пра вайсковую тэхніку, якая мае паступіць на ўзбраенне беларускай арміі ў 2024 годзе. Пры гэтым, як заўважыла маніторынгавая група «Беларускі Гаюн», пра некаторыя ўзоры тэхнікі, пастаўка якіх раней анансавалася беларускімі вайскоўцамі, Федзін нічога не сказаў.
06.02.2024 / 18:46
Здымак ілюстрацыйны
Чатыры самалёты-знішчальнікі Су-30СМ
28 студзеня 2024 года намеснік камандуючага ВПС і войскамі СПА РБ у інтэрв'ю расказаў пра меркаванае абнаўленне парку знішчальнай авіяцыі. Па словах чыноўніка, «у агляднай перспектыве мы скончым абнаўленне парку нашай знішчальнай авіяцыі, таму што самалёт МіГ-29 падыходзіць да мяжы, калі (яго) рэсурс будзе выпрацаваны». Яшчэ раней паведамлялася, што ў 2023 годзе ВПС РБ атрымаюць чатыры расійскія знішчальнікі Су-30СМ, аднак пастаўка не адбылася.
Су-30СМ ВПС РБ
У той жа час Андрэй Федзін у сваім інтэрв'ю не згадваў пра пастаўку знішчальнікаў Су-30СМ. Складана паверыць, што пра закупку такога (не)шараговага ўзбраення чыноўнік мог проста забыцца. З гэтага «Беларускі Гаюн» робіць выснову, што 2024 год не з'яўляецца «агляднай перспектывай» для пастаўкі Су-30СМ у РБ. Раней перадача новых партый знішчальнікаў ужо неаднаразова пераносілася.
Батальённы камплект БТР-82А
Узброеныя сілы Беларусі ў 2021-2023 гадах атрымалі тры батальённыя камплекты БТР-82А расійскай вытворчасці. У канцы студзеня 2023 года паведамлялася, што «ў найбліжэйшы час» і на ўзбраенне аднаго з батальёнаў 103-й паветрана-дэсантнай брыгады павінны паступіць БТР-82А, аднак пастаўка не адбылася.
Андрэй Федзін пра пастаўку БТР-82А ў войскі ў інтэрв'ю не згадваў. Мяркуючы па ўсім, бранятэхніка цяпер больш патрэбная расійскім вайскоўцам.
Пакуль працягваюцца выпрабаванні БТР Volat-V2 (якія ў перспектыве павінны закупляцца для УС РБ), а магчымасці закупляць БТР-82А няма, Міністэрства абароны вырашыла аднавіць закупкі БТР-70МБ1. Гэта беларуская мадэрнізацыя БТР-70, выкананая 140-м рамонтным заводам. Батальённы камплект БТР-70МБ1 у 2018 годзе быў перададзены 103-й паветрана-дэсантнай брыгадзе. Таксама БТР знаходзяцца на ўзбраенні 38-й дэсантна-штурмавой брыгады.
У апошнія гады публічна не паведамлялася пра планы па далейшым узбраенні падраздзяленняў ВС РБ БТР-70МБ1. Але за адсутнасцю іншых варыянтаў, мабыць, вырашылі вярнуцца да мадэрнізацыі БТР-70. Прынамсі, да таго часу, пакуль не давядуць да ладу Volat-V2.
Камплект АТРК «Іскандэр-М»
У жніўні 2023 года ў Беларусь прыбыла другая вядомая партыя АТРК «Іскандэр-М». Тады адзначалася, што гэта не апошняя пастаўка тэхнікі для ВС РБ.
Але, мяркуючы па ўсім, гэтая пастаўка (пакуль) усё ж такі апошняя: Андрэй Федзін не згадваў пра перадачу новых «Іскандэраў» беларускім вайскоўцам.
Як можна заўважыць, па ўсіх трох пералічаных пазіцыях вайсковай тэхнікі існуе нявызначанасць у дачыненні да будучых паставак. І калі адсутнасць сучасных бронетранспарцёраў атрымаецца так-сяк замяніць, то з новымі знішчальнікамі сітуацыя значна горшая.
Чытайце таксама:
Мінабароны распавяло пра новую зброю ў арміі
У Беларусь, магчыма, даставілі вайсковую тэхніку з Кітая
У 2024 годзе беларускія вайскоўцы правядуць баявыя пускі комплексу «Іскандэр» — Мінабароны