У Літве зноў прапанавалі закрыць яшчэ два памежныя пункты на мяжы з Беларуссю

Калі іх закрыюць, то пунктаў, што працуюць, застанецца ўсяго два. Яшчэ ў ліпені іх было шэсць.

06.02.2024 / 15:14

Пункт пропуску «Лаварышкі» (з беларускага боку «Катлоўка»). Фота: news.transinfo.by

Літоўская Камісія па нацыянальнай бяспецы прапануе спыніць рух тавараў, транспарту і людзей праз памежныя пункты пропуску Лаварышкі («Катлоўка» на беларускім баку) і Райгард («Прывалка» ля Гродна), паведамляе LRT.

Таксама «ўлічваючы рызыкі, звязаныя з транзітнымі патокамі праз Літву з Беларусі і дзейнасцю беларускіх спецслужбаў супраць літоўскай дзяржавы», камісія ў аўторак прапануе паступова скараціць колькасць дазволаў, якія выдаюцца беларускім і літоўскім перавозчыкам, якія ажыццяўляюць рэгулярныя перавозкі, міжнародныя пасажырскія перавозкі аўтобусамі.

Яшчэ адна прапанова — абмежаваць пасадку і высадку пасажыраў на чыгуначным памежным пункце Кяна (цягнікі Мінск — Вільня ўжо амаль чатыры гады як не курсуюць — НН), спыніць рух пешаходаў і веласіпедыстаў праз дзяржаўную мяжу паміж Беларуссю і Літвой. Аналагічная прапанова датычыцца і чыгуначнай станцыі Кібартай (Чарнышэўскае), што на мяжы Літвы з Калінінградскай вобласцю Расіі.

«За апошні час паток беларускіх грамадзян павялічыўся прыкладна на 50% на ўсіх пунктах пропуску, размешчаных уздоўж мяжы з беларускімі дарогамі. Паколькі патокі транспарту, тавараў і людзей павялічваюцца, неабходна аптымізаваць працэс кіравання гэтымі патокамі і больш дэталёва правяраць людзей, транспартныя сродкі і тавары», — лічыць кіраўнік Нацыянальнага цэнтра крызіснага ўпраўлення Вілмантас Віткаўскас.

Рашэнне аб закрыцці пагранічных пунктаў павінен прыняць урад Літвы.

У выпадку прыняцця рашэнняў скароцяцца транспартныя і пасажырапатокі, якія праходзяць праз Літву, а таксама знізяцца магчымасці дзейнасці беларускіх і расійскіх спецслужбаў і службаў бяспекі супраць Літвы, мяркуе афіцыйная Вільня.

Чакаецца таксама, што будзе больш эфектыўна прадухіляцца ўвоз санкцыйных тавараў у Беларусь і Расію, больш эфектыўна будзе ажыццяўляцца прафілактыка і прадухіленне кантрабанды, больш эфектыўна будзе ахоўвацца знешняя мяжа Шэнгенскай зоны.

Летась на аўтамабільных памежных пунктах пропуску праз дзяржаўную мяжу з Беларуссю асоб праверылі 3,9 мільёна разоў — на 25,5% больш, чым у 2022 годзе. 66% сярод правераных асоб былі грамадзянамі Беларусі.

Грамадзяне Літвы перасеклі мяжу 684 тысяч разоў — на 13,4% менш, чым у 2022 годзе, колькасць унікальных асоб летась дасягнула амаль 62 тысяч і знізілася на 17,5%.

У жніўні мінулага года Літва закрыла два з шасці пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю — «Шумск» («Лоша» з беларускага боку) і «Цверач» («Відзы»).

Міністр унутраных спраў Агне Білатайтэ тады заявіла, што міністэрства прапануе закрыць яшчэ два — «Лаварышкі» і «Райгард», аднак пытанне было адкладзена. Калі іх закрыюць, то застануцца пагранпераходы: «Меднікі» («Каменны Лог») і «Салечнікі» («Беняконі»).

Чытайце таксама:

Мяжу Расіі з Беларуссю закрылі для ўсіх фур з кіроўцамі-іншаземцамі

«Плакалі танныя крупы і зубы!» Што жыхары Дзвінска кажуць пра магчымае закрыццё памежнага пункта на мяжы з Беларуссю

Закрыцця граніц пакуль не будзе, канфрантацыя спала. Спыталі ў экспертаў, ці можна гаварыць пра пачатак адлігі паміж Мінскам і ЕС

Nashaniva.com