Орбан працягвае гульню. Венгерскі парламент не змог прагаласаваць за далучэнне Швецыі да НАТА
Парламент Венгрыі не змог правесці прызначанае на панядзелак галасаванне аб пытанні ўступлення Швецыі ў НАТА праз адсутнасць кворуму. Пасяджэнне сарвалі прадстаўнікі праўрадавага Венгерскага грамадзянскага саюза (FIDES).
05.02.2024 / 19:51
Віктар Орбан. Фота: AP
Прэс-служба FIDES паведаміла, што ў партыі гатовыя абмяркоўваць заяўку Швецыі, калі яе прэмʼер-міністр Ульф Крыстэрсан спачатку сустрэнецца з Віктарам Орбанам.
«Калі гэта важнае пытанне для шведаў, то відавочна, што прэмʼер-міністр Швецыі прыедзе ў Будапешт», — адказалі ў FIDES на запыт агенцтва Reuters.
Раней Крыстэрсан адхіліў запрашэнне венгерскага прэм'ера Віктара Орбана, прапанаваўшы ўзамен абмеркаваць усе двухбаковыя пытанні на сустрэчы ў Бруселі.
Цяпер пытанне аб уступленні Швецыі ў НАТА можа быць паднятае на адным з чарговых пасяджэнняў венгерскага парламента: наступная сесія пачнецца ў канцы лютага.
Раней шмат дзесяцігоддзяў нейтральная Швецыя падала заяўку на ўступленне ў НАТА разам з Фінляндыяй вясной 2022 года, неўзабаве пасля нападу Расіі на Украіну.
Але яе далучэнне доўгі час стрымлівалі Турцыя і Венгрыя, спадзеючыся праз гэта вырашыць уласныя палітычныя задачы. Турцыя, аднак, ухваліла заяўку ў студзені гэтага года, і цяпер усё залежыць толькі ад Венгрыі, кіраўніцтва якой — найбольш прарасійскае ва ўсім Еўрасаюзе.
Чытайце таксама:
«Траянскі конь» Пуціна. Хто такі Віктар Орбан і чый бок ён сапраўды займае?
Журналісты даведаліся, хто пераканаў Орбана дапамагчы Украіне