У Грузіі перахапілі транзіт выбухоўкі з Украіны ў Расію
Груз быў адпраўлены з Адэсы праз Румынію, Балгарыю і Турцыю. Пунктам прызначэння ўказалі Варонеж.
05.02.2024 / 12:28
Выбухоўка
Паводле заявы Службы дзяржаўнай бяспекі (СДБ) Грузіі, прадухілены транзіт выбуховага рэчыва C-4 з Украіны ў Расію, паведамляе «Эхо Кавказа».
У СДБ сцвярджаюць, што выбухоўка агульнай вагой 14 кг паступіла ў краіну пад выглядам акумулятараў электрамабіляў. Груз быў адпраўлены з Адэсы праз Румынію, Балгарыю і Турцыю і перасёк турэцка-грузінскую мяжу праз КПП «Сарпі» 19 студзеня, заявіў кіраўнік Контртэрарыстычнага цэнтра СГБ Бача Мгеладзэ.
Пунктам прызначэння грузу быў указаны Варонеж, тры выбуховыя прылады былі канфіскаваныя на расійска-грузінскай мяжы, аднак яшчэ тры прылады «пакінулі ў Тбілісі на канкрэтным адрасе».
У СДБ не выключаюць, што арганізатары планавалі зладзіць тэракты і на тэрыторыі Грузіі.
СДБ сцвярджае, што «арганізатарам працэсу» з'яўляўся ўраджэнец Батумі, грамадзянін Украіны Андрэй Шарашыдзэ, які ў 2020 годзе балатаваўся ў раду Адэскай вобласці ад партыі «Слуга народа». Да працэсу былі падключаныя сем грамадзян Грузіі, трое грамадзян Украіны і двое грамадзян Арменіі, аднак толькі Шарашыдзэ ведаў аб выбуховых прыладах і капсулах-дэтанатарах, устаноўленых у акумулятарах аўтамабіля, мяркуюць у СДБ.
«Што тычыцца трох выбуховых прылад, пакінутых у Тбілісі, — ці прызначаліся яны для вывазу ў Расію ці павінны былі застацца ў Грузіі для прывядзення ў дзеянне, гэта вызначыць расследаванне», — заявіў Мгеладзэ.
Аднак у СДБ мяркуюць, што, «улічваючы выкарыстанне тэрыторыі Грузіі і шырокае ўцягванне ў гэты працэс грамадзян Грузіі», Тбілісі планавалі абвінаваціць «як у планаванні, так і ў рэалізацыі тэрактаў, ажыццяўленне якіх планавалася ў Грузіі ці за мяжой».
У спецслужбе кажуць, што справа заведзеная па артыкуле 236 КК Грузіі (супрацьпраўныя набыццё, захоўванне, нашэнне, выраб, перавозка, перасылка або збыт агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў або выбуховых прылад),
аднак можа быць працягнута і па артыкуле аб падрыхтоўцы тэракту, якая прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін ад 10 да 15 гадоў.
Чытайце таксама:
Суд у Кіеве па справе забойства Паўла Шарамета прыпынілі, бо фігуранты ваююць
Затрыманы за дыверсію ў расійскім тунэлі беларус — шматдзетны бацька, які не змаўчаў у 2020-м