Кітай прысудзіў аўстралійскага пісьменніка да смяротнага пакарання
Суд у Кітаі прыгаварыў аўстралійскага пісьменніка Ян Хэнцзюня да смяротнага пакарання з адтэрміноўкай у два гады. Пяць гадоў таму прадэмакратычнага блогера арыштавалі ў Кітаі, а тры гады таму прызналі вінаватым у шпіянажы, піша BBC.
05.02.2024 / 09:02
Фота: Yang Hengjun / Twitter
Міністр замежных спраў Аўстраліі сказала, што шакіравана прыгаворам. Амбасадара Кітая ў Аўстраліі выклікалі ў аўстралійскі МЗС для тлумачэнняў.
Хэнцзюнь нарадзіўся ў Кітаі, у яго ёсць аўстралійскае грамадзянства. Да арышту ў 2019 годзе ён працаваў у Нью-Йорку. Яго затрымалі ў аэрапорце Гуанчжоў і абвінавацілі ў шпіянажы. Падрабязнасці справы кітайскія ўлады не раскрывалі, невядомыя і дэталі абвінавачання.
Пісьменнік абвяргаў абвінавачанні. Яго сямʼя сцвярджае, што за час арышту ягонае здароўе пагоршылася, і вінаваціла кітайскія ўлады ў катаваннях.
Смяротны прыгавор з адтэрміноўкай азначае, што пасля двух гадоў прыгавор могуць замяніць пажыццёвым зняволеннем без права датэрміновага вызвалення, калі на працягу гэтых двух гадоў падчас утрымання пад вартай ён не ўчыніць іншых злачынстваў.
Навуковец, блогер і пісьменнік Ян Хэнцзюнь крытыкаваў кітайскія ўлады за парушэнні правоў чалавека. Ён аўтар некалькіх шпіёнскіх раманаў.
Пасол Аўстраліі ў Кітаі раней абвінавачваў Кітай у адвольным затрыманні пісьменніка, а яго прыхільнікі называюць гэта «палітычна матываваным пераследам».
«Кітайскі ўрад карае яго за крытыку парушэнняў правоў чалавека ў Кітаі і за абарону ўніверсальных каштоўнасцяў, такіх як правы чалавека, дэмакратыя і вяршэнства закона», — сказаў яго сябар, навуковец з Сіднэя Фэн Чонгі.
Прысуд пісьменніку абавязкова астудзіць адносіны паміж Аўстраліяй і Кітаем, якія ў апошні час крыху палепшыліся.
Прэмʼер-міністр Аўстраліі Энтані Албаніз у лістападзе стаў першым аўстралійскім лідарам, які наведаў Кітай за сем гадоў, у надзеі палепшыць адносіны паміж асноўнымі гандлёвымі партнёрамі.
Да гэтага на працягу некалькіх гадоў адносіны паміж Пекінам і Канберай былі азмрочаныя гандлёвымі спрэчкамі, абвінавачваннямі ў кібератаках, а таксама патрабаваннямі Аўстраліі правесці міжнароднае расследаванне абставін зʼяўлення віруса Covid-19.
Чытайце таксама: