Унікальная зборная разрывае Кубак Афрыкі па футболе. За яе гуляюць нават ірландцы і нідэрландцы
Каба-Вэрдэ амаль 500 гадоў працавала на Партугалію, але цяпер усё змянілася.
03.02.2024 / 09:44
Зборная Каба-Вердэ. Фота: Sunday Alamba / AP
Сумна, калі ўсю гісторыю краіну ўспрымаюць як порт. З 1495 года цяперашняя Рэспубліка Каба-Вердэ прымала дзясяткі судоў, якія перамяшчаліся паміж еўрапейскім кантынентам, Афрыкай і Паўднёвай Амерыкай. Усё з-за вельмі выгаднага месцазнаходжання — выспы заўсёды былі зручным хабам.
А каланізатары гэтым карысталіся: партугальцы яшчэ ў пачатку XIV стагоддзя палезлі ў Афрыку, бо іншыя краіны расхапалі ўсё ў Еўропе. Таму яны добрапрыстойна адкрылі і далучылі да сябе пару афрыканскіх краін і Бразілію. Цяперашняе Каба-Вэрдэ яшчэ называлі Выспамі Зялёнага Мыса. І амаль 500 гадоў выкарыстоўвалі ў сваіх прагматычных мэтах, піша Championat.com.
Усё скончылася толькі ў 1975-м. Але гэта не было пачаткам слаўнага шляху наверх. Так, у канцы не будзе мілага хэпі-энду і гісторыі пра тое, як зборная праз 15 гадоў выйграла Кубак Афрыкі. Куча часу спатрэбілася, каб навесці парадак, стварыць уласныя інстытуты і хаця б незалежную федэрацыю футбола. Таму ўпершыню на Кубку афрыканскіх нацый Каба-Вэрдэ спрабавала адабрацца ў 1994-м, а патрапіла — толькі ў 2013-м. І адразу дайшла да чвэрцьфіналу. Але гэта Кубак Афрыкі, тут магчыма ўсё.
Ад Нані да Ларсана — хто мог гуляць за Каба-Вэрдэ
Парадокс астраўной дзяржавы Каба-Вэрдэ ў тым, што да 1975 года адтуль імкнуліся з'ехаць на Вялікую зямлю. Партугалія, але і не толькі яна, была ўлюбёным месцам тых, хто меў адукацыю, навыкі і хацеў чагосьці дасягнуць у жыцці. А яшчэ стартавы капітал, вядома. Але ў партовай краіне зарабіць яго было не так цяжка.
А калі ў XX стагоддзі ў Партугаліі памянялася ўлада, якая пайшла па дэмакратычным шляху і адпусціла большасць калоній, нядаўнія перасяленцы пацягнуліся назад. У тым ліку ў Каба-Вэрдэ. Пры гэтым важны факт пра краіну: за яе межамі жыве значна больш этнічных кабавердцаў, чым на саміх астравах.
Сцяг Каба-Вердэ
Таму хай вас не здзіўляюць жарты, што палова гульцоў зборнай Партугаліі наогул не павінны былі за яе гуляць. Па сутнасці, гэта сапраўды так. Праз чэмпіёнаў Еўропы 2016 года прайшла куча футбалістаў, якія альбо самі нарадзіліся ў Каба-Вэрдэ, альбо іх бацькі. Таму Нацыянальная федэрацыя дакладна мела права разлічваць, што футбалісты выберуць гуляць за родную краіну — гэта, напрыклад, Нані, Варэла, Мануэл Фернандэш, Раланду, Элізэу, Мігель Мантэйру (з «Валенсіі»), Нэлсан (гуляў за «Бенфіку», «Бетыс»).
Як вы разумееце, людзі ехалі з Каба-Вэрдэ не толькі ў Партугалію, але і ў іншыя часткі свету.
Наогул, жыхары выспаў лічыліся аднымі з самых адукаваных у афрыканскіх дзяржавах. Для краіны-хаба гэта нармальна. Таму ім былі рады ў любым пункце свету.
І няма нічога дзіўнага ў тым, што Патрык Віейра, Хенрык Ларсан нарадзіліся ў сем'ях этнічных кабавердцаў. Але, натуральна, яны наўрад ці думалі над магчымасцю выступаць за гістарычную радзіму. Тады пра зборную ніхто не ведаў. І наўрад ці меркаваў, што яна выйдзе з змроку і пачне паказваць вынік.
Каба-Вэрдэ ўжо паўтарыла гістарычны вынік. Але гэта не мяжа
У 2013-м, калі зборная ўпершыню адабралася ў фінальную частку Кубка Афрыкі, ад іх наўрад ці хтосьці чакаў выхаду ў чвэрцьфінал. Хоць бы таму, што многіх футбалістаў не ведалі нават у Афрыцы. Гэта сапраўды праблема, бо большасць кабавердцаў, якія жадаюць звязаць сваё жыццё з футболам, садзяцца ў самалёт і ўжо праз чатыры гадзіны спускаюцца па трапе ў Лісабоне. А там, калі ёсць талент, ты атрымліваеш пашпарт, месца ў Акадэміі добрага клуба і потым прадстаўляеш ужо іншую зборную.
У апошнія пяць-шэсць гадоў там змірыліся, што немагчыма канкураваць з Партугаліяй і бясконца шукаць этнічных грамадзян па свеце. І яшчэ маліць іх згуляць за зборную. Таму пашпарты сталі прапаноўваць проста тым, хто хацеў бы гуляць за Каба-Вэрдэ.
Ідэю прыдумаў былы трэнер зборнай Руй Агуаш, які пісаў гульцам у сацсетках. Так у зборнай апынуліся ірландзец Раберта Лопес, Дэрай Дуартэ з яшчэ парай нідэрландцаў. І гэта не адзіныя прыклады. Але якое яшчэ выйсце, калі вынік паказваць трэба, а магчымасцяў для гэтага недастаткова.
Галоўная нефутбольная зорка Каба-Вердэ — спявачка Сэзарыя Эвара (1941—2011), якая выходзіла на сцэну басанож, аддаючы даніну памяці галоднаму і беднаму дзяцінству і маладосці. Яе знакаміты хіт — Besame Mucho Кансуэлы Веласкес. Былі ў яе і другія хіты: Carnaval De São Vicente, Sodade, Torture, Petite-Pays. Заробленыя 50 мільёнаў даляраў Сэзарыя Эвара пусціла на будаўніцтва школ і бальніц на Каба-Вердэ. У сакавіку 2011 года за восем месяцаў да смерці спявачка прыязджала ў Мінск і выступала ў Палацы Рэспублікі.
Калі вы паглядзіце на спіс клубаў, за якія выступаюць гульцы зборнай, то здзівіцеся яшчэ мацней — 26 футбалістаў (брамнік каманды цяпер без кантракту) прадстаўляюць 25 клубаў з 16 нацыянальных чэмпіянатаў. Ніводны не паўтараецца.
Там увесь свет — ад ЗША праз усю Еўропу да Малдовы і Азербайджана. Гулец «Краснадара» Кевін Леніні ўсе матчы пачынаў у аснове і толькі раз быў заменены. Паказчык эфектыўнасці. Ён, дарэчы, адзін з нямногіх, хто не толькі нарадзіўся ў Каба-Вэрдэ, але і да 20 гадоў выступаў за мясцовыя клубы. І толькі потым з'ехаў у Партугалію.
А перш чым трапіць у чвэрцьфінал, зборная вылезла з групы з Егіптам, Ганай і Мазамбікам. У першым раўндзе плэй-оф з вялікай цяжкасцю прыстукнула Маўрытанію. А цяпер згуляе з ПАР. Да гістарычнага поспеху застаўся ўсяго адзін крок.
Матч з камандай Паўднёвай Афрыкі сёння а 22-й вечара па Мінску.
Чытайце таксама:
Целаахоўнік Месі стаў удзельнікам незвычайнага інцыдэнту, баронячы Ліянэля ў Ганконгу
На футбольным матчы ў Мексіцы застрэлілі былога абаронцу зборнай Балівіі
Матч на Суперкубак Беларусі па футболе адклалі на тыдзень з-за выбараў