Польскі суд прысудзіў беларуса па абвінавачванні ў шпіянажы да 4 гадоў турмы
Акруговы суд у Беластоку прысудзіў беларуса і расейца да чатырох гадоў пазбаўлення волі паводле абвінавачвання ў шпіёнскай дзейнасці на карысць расійскай выведкі, паведаміла Польскае радыё.
02.02.2024 / 16:47
Беларуса і расейца затрымалі ў красавіку 2022 года. Судовы працэс пачаўся ў сакавіку 2023 года.
Паводле абвінавачання, абодва мужчыны з 2017 года да красавіка 2022-га праводзілі шпіёнскую дзейнасць для расійскай выведкі: здабывалі інфармацыю пра вайсковыя аб'екты, якія маюць крытычнае значэнне для абароны Польшчы, а таксама пра баяздольнасць, маральны стан і функцыянаванне падраздзяленняў на такіх аб'ектах, у тым ліку ва ўмовах надзвычайнай сітуацыі. Абвінавачаных асабліва цікавілі аб'екты на паўночным усходзе Польшчы. Атрыманая інфармацыя накіроўвалася ГРУ.
Абодва абвінавачаныя знаходзіліся ў Польшчы легальна. Беларус спачатку вучыўся ў адной з ВНУ Беластока, а затым уладкаваўся працаваць у арганізацыю, якая займаецца парашутнай падрыхтоўкай. Ён усталёўваў кантакты і выкарыстоўваў іх у сваёй шпіёнскай дзейнасці. Расеец праводзіў шпіёнскую дзейнасць пад выглядам турыстычнай і культурнай дзейнасці.
Прысуд не з'яўляецца канчатковым. У тэрмін пазбаўлення волі залічылі час, які абвінавачаныя правялі пад вартай і пад арыштам.
Чытайце таксама:
Стала вядома, што за беларуску арыштавалі ў Польшчы за працу на КДБ
Дырэктара беларускага санаторыя ў Друскеніках пазбавілі літоўскага ДНЖ
Суд у Польшчы вынес прысуд чальцам «расійскай шпіёнскай сеткі». Сярод іх ёсць і беларусы