«Гэта першы званочак». Да Паліны Шарэнды-Панасюк не пусцілі адваката

Муж палітзняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк падзяліўся ў фэйсбуку апошнімі навінамі ад жонкі — як заўсёды, несуцяшальнымі. 

31.01.2024 / 18:52

Паводле Андрэя Шарэнды, за ўвесь час з 22 снежня мінулага года, як Паліна знаходзіцца ў жаночай калоніі № 24 «Зарэчча», ад яе прыйшоў толькі адзін кароценькі ліст. Жанчына прасіла тэрмінова выслаць у бандэролі шалік, шапку і тэрмабялізну. Бандэроль даслалі, і ў калонію яна прыйшла, але ці аддалі яе Паліне — невядома.

Таксама Паліна Шарэнда-Панасюк паведаміла, што 8 студзеня напісала заяву на сустрэчу з адвакатам і вельмі чакае яго, але калі сёння адвакат прыехаў у калонію, адміністрацыя яго не прапусціла. Аргументавалі гэта тым, што ад Паліны нібыта няма заявы.

«Гэта першы званочак, што з Палінай нешта нядобрае», — робіць выснову Андрэй Шарэнда.

Брэсцкую актывістку Паліну Шарэнду-Панасюк затрымалі 3 студзеня 2021 года і асудзілі на два з паловай гады калоніі. Але летам 2022 года на волю яна не выйшла. Спачатку ёй далі год па артыкуле 411 (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі). Сёлета жанчыну зноў не вызвалілі, а далі яшчэ год па тым жа артыкуле.

У 2023 годзе Паліна Шарэнда-Панасюк стала пераможцай праваабарончай прэміі ў намінацыі «Праваабарончая салідарнасць года».

Чытайце таксама:

«Як сапраўдны цуд на Каляды». Сям’я атрымала паштоўку ад Паліны Шарэнды-Панасюк

Муж Паліны Шарэнды-Панасюк расказаў пра хвалю салідарнасці з ёй

«Яна выглядае кепска і кажа, што можа не дацягнуць да вызвалення». Родныя змаглі сустрэцца з Палінай Шарэндай-Панасюк

Nashaniva.com