Памёр у эміграцыі гродзенец, які ў 2020-м адзіны пайшоў у стачку на тытунёвай фабрыцы
30 студзеня памёр гродзенец Аляксандр Куваннікаў. Ён з’ехаў у Польшчу праз патэнцыйны палітычны пераслед і жыў у Быдгашчы. У 2020 годзе ён быў адзіным, хто пайшоў у стачку на тытунёвай фабрыцы. Пра смерць паведамілі яго сябры і напісалі ў чатах замежнікаў, піша Hrodna life.
01.02.2024 / 01:39
У Аляксандра за мяжой засталіся жонка Жанна і чацвёра дзяцей, у Беларусі — мама.
«Цяпер перад Жаннай стаіць шэраг цяжкіх задач, звязаных з пахаваннем. Магчыма, цела будзе перавезена ў Беларусь. Пакуль няма дакладнай інфармацыі наконт яго смерці», — напісаў знаёмы Куваннікава.
Дапамагчы сям'і можна па спасылцы.
Вядома, што ў Аляксандра былі праблемы з залежнасцямі.
Аляксандр Куваннікаў працаваў чысцільшчыкам абсталявання на Гродзенскай тытунёвай фабрыцы. 14 лістапада 2020 года ён паведаміў кіраўніцтву аб тым, што далучаецца да стачкі. Праз шэсць дзён яго звольнілі па артыкуле за невыкананне працоўных абавязкаў. У 2021 годзе яго шукалі сілавікі — прыйшлі да яго тады 62-гадовай маці.
Таксама Аляксандр цікавіўся гарбатай — некаторыя гродзенцы могуць памятаць яго чайныя вечарыны ў тайм-кафэ «Партал». Нефармалы ведаюць яго як «Сашу Панка».
Чытайце таксама:
Памёр экс-трэнер Домрачавай Мікалай Захараў