У Беларусь, магчыма, даставілі вайсковую тэхніку з Кітая

У Мінск у пачатку студзеня чатыры разы за чатыры дні прылятаў транспартны самалёт «Боінг-747» з кітайскага горада Урумчы. Пра гэта паведамляе маніторынгавая група «Беларускі Гаюн», назваўшы такую актыўнасць кітайскай грузавой авіякампаніі Air China Cargo нетыповай.

30.01.2024 / 22:28

Boeing 747-4FTF (B-2476). Фота: Jetphotos

«Беларускі Гаюн», які сярод іншага займаецца адсочваннем перамяшчэння ў Беларусі вайсковай тэхнікі, мяркуе, што гэтымі рэйсамі з Урумчы яна магла дастаўляцца ў Беларусь з Кітая.

Рэйсы, паводле расследавальнікаў, прыбывалі ў Мінск чатыры дні запар — з 8 па 11 студзеня. Спачатку самалёт ляцеў у Кітай, а пасля вяртаўся назад. У Мінску ён праводзіў прыкладна па тры гадзіны, што дастаткова для правядзення разгрузкі.

У аэрапорце самалёт знаходзіўся не на стаянках транспартна-лагістычнага цэнтра, а на стаянцы, зарэзерваванай для абслугоўвання ўрадавых самалётаў.

«Груз, верагодна, не праходзіў мытную ачыстку і адразу пакінуў аэрапорт, бо вакол месца стаянкі вайсковаму грузу няма дзе размясціцца, каб не прыцягваць дадатковай увагі і не стаяць пад адкрытым небам», — пішуць расследавальнікі.

Пра якую менавіта вайсковую тэхніку можа ісці гаворка, пакуль невядома. У публікацыі адзначаецца, што на ўзбраенні беларускай арміі ёсць кітайскія бронеаўтамабілі CS/VN3 Dajiang («Дракон»), якіх у самалёт можа ўлезці 4-5, а таксама кітайскія камплектуючыя выкарыстоўваюцца для вытворчасці ракет РСЗА «Паланез».

Чытайце таксама:

«Адвакат сказаў: усе, хто здымалі, ужо сядзяць». Жанчына, якая зняла расійскую вайсковую тэхніку, пасля затрымання экстрана з'ехала з Беларусі 

Кітайскі аўтапрам заваёўвае свет. Не без дапамогі Захаду

У Кітаі выпусцілі аналаг ChatGPT, які чысціць чат пры кожным няёмкім пытанні пра палітыку. Пратэставалі яго

Nashaniva.com