Мінскія ўлады супраць, каб пасажыраў у маршрутках перавозілі стоячы

Прадпрыемства «Сталічны транспарт і сувязь» не падтрымлівае прапанову шэрагу прыватных аператараў маршрутных таксі дазволіць перавозку пасажыраў стоячы. Як заявіў агенцтву «Мінск-Навіны» дырэктар прадпрыемства Юрый Супрановіч, такая ж пазіцыя і ў заказчыка перавозак — Мінгарвыканкама.

30.01.2024 / 17:42

Дзяржаўны аператар маршрутак лічыць, што прыняцце такога рашэння негатыўна адаб'ецца на бяспецы перавозак пасажыраў.

«Больш за тое, мы выступаем за абавязковае выкарыстанне рамянёў бяспекі ў гэтых транспартных сродках. І будзем хадайнічаць аб павышэнні кантролю за дзейнасцю перавозчыкаў з гэтай нагоды», — падкрэсліў Юрый Супрановіч.

Паводле яго слоў, прадпрыемства ўсё часцей атрымлівае звароты грамадзян, занепакоеных адсутнасцю рамянёў бяспекі ў маршрутных таксі.

Прапанова дазволіць перавозку пасажыраў у маршрутках стоячы прагучала на рэспубліканскай нарадзе прадстаўнікоў улады і перавозчыкаў 19 студзеня. Улады абяцалі гэтую прапанову разгледзець. Цяпер такая перавозка лічыцца парушэннем.

Чытайце таксама:

Ехаць, стаяць ці сесці. Як улады абмяркоўвалі з маршрутчыкамі новыя правілы працы

Маршрутчыкі просяць дазволіць вазіць пасажыраў стоячы

У Мінску аштрафавалі кіроўцу маршруткі, які вазіў вельмі мала пасажыраў

Nashaniva.com