Суд ва Украіне асудзіў святара УПЦ да двух гадоў пазбаўлення волі. Ён называў расійскую агрэсію «грамадзянскай вайной»
30.01.2024 / 14:55
Суд у Вініцкай вобласці прыгаварыў настаяцеля аднаго з храмаў мясцовай епархіі Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхата да двух гадоў пазбаўлення волі па справе аб адмаўленні ваеннай агрэсіі Расіі ва Украіне (частка 2 артыкула 436-2 КК) і распаўсюджванні прарасійскіх матэрыялаў (частка 2 артыкула 109 КК), піша «Настоящее время».
Да поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну асуджаны, паводле звестак следства, быў настаяцелем некалькіх храмаў УПЦ (МП), а пасля таго, як гэтыя храмы перайшлі ў Праваслаўную царкву Украіны (ПЦУ), ён «актывізаваў сваю прарасійскую дзейнасць» у інтэрнэце.
Святар, як сцвярджае пракуратура, распаўсюджваў антыўкраінскія матэрыялы са сваёй старонкі ва «УКантакце». Акрамя таго, па дадзеных Службы бяспекі Украіны, падсудны стварыў тэлеграм-канал, у якім ён «называў ваенную агрэсію Расіі супраць Украіны «грамадзянскай вайной» і «ўсхваляў тэрарыстаў Захарчанку, Гіві і Матаролу» (загінулыя баевікі так званай «ДНР»).
Таксама ў сваіх сацсетках асуджаны, паводле інфармацыі СБУ, рэпосціў публікацыі і каментары прэс-службы Рускай праваслаўнай царквы, у якіх «апраўдваўся захоп украінскіх тэрыторый» і «гераізаваліся» расійскія вайскоўцы.
Пасля таго, як святару паведамілі аб падазрэнні, ён хаваўся ад следства ў некалькіх абласцях Украіны, але пасля быў затрыманы супрацоўнікамі СБУ.