Чацвёра музыкаў «Бі-2» ужо сёння паляцяць у Ізраіль. Лёс траіх пад пытаннем

Па інфармацыі ізраільскага 12 тэлеканала (N12) і партала Ynet, усе ўдзельнікі гурта «Бі-2», якія маюць пашпарты і грамадзянства Ізраіля, патрапяць туды ўжо сёння. Яшчэ адзін будзе дэпартаваны ў Аўстралію. А астатнім «можа пагражаць дэпартацыя ў Расію».

30.01.2024 / 08:05

«Бі-2». Фота: АГН «Масква»

Як паведамляе 12 тэлеканал Ізраіля (N12), чацвёра музыкаў «Бі-2» могуць быць адпраўлены ў Тэль-Авіў ужо сёння.

«Чацвёра ізраільцян, якія былі арыштаваныя ў Тайландзе і якім пагражала дэпартацыя ў Расію, у аўторак вылецяць у Ізраіль, калі ў апошнюю хвіліну не адбудзецца ніякіх зменаў. З сямі арыштаваных трое не маюць ізраільскага грамадзянства і рызыкуюць быць дэпартаванымі ў Расію», — паведаміў 12 канал.

Тое ж самае пацвярджае ізраільскі партал Ynet, аднак дадае, што яшчэ адзін музыка будзе дэпартаваны ў Аўстралію.

«Дзякуючы ўмяшанню МЗС Ізраіля, чацвёра музыкаў «Бі-2» не будуць дэпартаваныя ў Расію, а паляцяць у Тэль-Авіў. Яшчэ адзін будзе дэпартаваны ў Аўстралію. Лёс астатніх двух невядомы, але адзін з іх мае амерыканскае грамадзянства», — адзначае Ynet.

Нагадаем, што 25 студзеня музыкаў гурта «Бі-2» затрымалі адразу пасля канцэрту на Пхукеце. Паведамлялася, што яны выступалі без адпаведнага дазволу.

Наступным днём суд прызначыў ім штраф, які яны аплацілі на месцы. Але потым іх перазатрымала міграцыйная паліцыя. Музыкаў перавезлі ў Бангкок, дзе вырашаюцца пытанні аб іх знаходжанні ў Тайландзе і краіне магчымай дэпартацыі.

Паводле мясцовых законаў, дэпартацыя праводзіцца прамым авіярэйсам у краіну выдачы пашпарта. 

«Бі-2» быў створаны ў 1988 годзе ў Бабруйску. Заснавальнікі і нязменныя ўдзельнікі — Шура Бі-2 і Лёва Бі-2. У склад каманды таксама ўваходзяць Андрэй Званкоў, Максім Андрушчанка, Барыс Ліфшыц, Глеб Калядзін і Ян Ніколенка. Усе яны пакуль што знаходзяцца пад вартай у Бангкоку.

У маі мінулага года Мінюст Расіі ўнёс музыканта Ягора Бортніка (Лёва «Бі-2») у рэестр «інагентаў». У Мінюсце тады заявілі, што Бортнік выступаў супраць расійскага ўварвання ва Украіну, негатыўна выказваўся пра Расію, яе грамадзян і органаў дзяржаўнай улады.

@nashaniva Музыканты з «Бі-2» на волі. Што яны расказваюць #беларусь #навіныбеларусі #беларусьсейчас #беларускіцікток #нашаніва #белорусы #новостибеларуси #беларусьновости #би2лучшие #бобруйск ♬ Молитва (Из к/ф "Молитва") - Би-2

Чытайце таксама:

Удзельнікаў гурта «Бі-2» трымаюць на спёцы ў камеры пад адкрытым небам

«У камеры ляталі невядомыя мне насякомыя». Расказваем пра тайскія турмы, дзе сядзяць рокеры з «Бі-2»

ГУБАЗіК выклаў відэа з музыкамі Nizkiz, пагражаюць пяццю гадамі

Nashaniva.com