«Я гарантую вам». Беларусь, нягледзячы на гарантыі Лукашэнкі, парушыла дамову па пастаўках тралейбусаў у Новасібірск
З абяцаных да канца 2023 года 120 беларускіх тралейбусаў у Новасібірск паступілі 95. Рэшту чакаюць да красавіка.
29.01.2024 / 12:09
Пра праблемы з пастаўкамі беларускага транспарту піша выданне atas.info. 120 тралейбусаў павінны былі даставіць па кантракце ў Новасібірск з Беларусі яшчэ да канца 2023 года. Але на канец студзеня ёсць толькі 95.
Акрамя тралейбусаў, ёсць затрымка і з трамваямі. Іх паступіла шэсць з дзесяці. Да сакавіка чакаюць рэшту.
Як паведаміў карэспандэнту мэр Новасібірска Алег Клемешаў, па даручэнні губернатара, была нават арганізавана камандзіроўка ў Мінск, «перагаварылі як па трамваях, так і па тралейбусах».
«МАЗ» і «БКМ» свае абавязацельствы будуць выконваць», — сказаў Клемешаў.
26 чэрвеня 2023 года губернатар Новасібірскай вобласці Андрэй Траўнікаў на нарадзе па рэгіянальнай праграме абнаўлення гарадскога тралейбуснага парку заявіў, што да канца года Новасібірск атрымае 120 новых тралейбусаў. Пры гэтым ён падкрэсліў, што «з боку фінансавання затрымак няма».
10 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Траўнікавым у Мінску заявіў, што ў Беларусі ёсць магчымасць дапамагчы расійскаму субʼекту вырашыць праблемы з абнаўленнем парка пасажырскага транспарту і іншай тэхнікі.
«Я гарантую вам, што ўсе нашы дамоўленасці будуць безумоўна выкананы, прытым якасна і ў тэрмін», — заявіў Лукашэнка.
Чытайце таксама:
У Санкт-Пецярбургу адбылося новае здарэнне з беларускім аўтобусам, пацярпелі пяць чалавек
У Санкт-Пецярбургу зноў згарэў аўтобус МАЗ
МАЗ абяцае новым работнікам добры грашовы бонус. Але не ўсім