«Такога кшталту камісіі ствараюцца не для абароны «гістарычнай праўды», а для ўніфікацыі гістарычнай навукі Беларусі з расейскай»

Рэспубліканскі савет па гістарычнай палітыцы пры адміністрацыі Лукашэнкі і міжведамасная камісія па гістарычнай асвеце пры прэзідэнце РФ падпісалі на гэтым тыдні Мемарандум аб узаемаразуменні. Дакумент прадугледжвае, акрамя іншага, стварэнне Сумеснай расійска-беларускай камісіі па гісторыі. Аб тым, што гэта значыць, Reform.by пагаварыў з экспертам iSANS на ўмовах ананімнасці.

28.01.2024 / 10:57

Гісторык Ігар Марзалюк адбівае паклоны помніку Аляксандру Неўскаму. Фота: тэлеграм-канал Міністэрства абароны

Па словах эксперта, мэтай стварэння камісіі зʼяўляецца легітымізацыя дзейнасці расейскіх актараў на тэрыторыі Беларусі і ўніфікацыя гісторыі. 

«Такога кшталту камісіі ствараюцца не для абароны «гістарычнай праўды», а для ўніфікацыі гістарычнай навукі Беларусі з расейскай.

У Беларусі даўно дзейнічае некалькі прарасейскіх фондаў і розных арганізацый гістарычнай скіраванасці, стварэнне камісіі, у якую ўвойдуць іх прадстаўнікі, легітымізуе іх дзейнасць на афіцыйным высокім узроўні і падвышае іх уплыў. Можна прывесці ў прыклад дырэктара расейскага фонду «Гістарычная памяць» Аляксандра Дзюкава, які супрацоўнічае з беларускай пракуратурай — са стварэннем камісіі ў яго зʼявіцца яшчэ больш магчымасцяў шырока ўплываць на гістарычную навуку і палітыку Беларусі, а таксама трактоўку гістарычных падзей або цэлых перыядаў гісторыі Беларусі. 

Будзе больш інтэнсіўна адбывацца выбудоўванне сувязей з ужо існуючымі прарасейскімі арганізацыямі (Рассупрацоўніцтва, арганізацыі КСАРС і г.д.) і выкарыстанне іх рэсурсаў і ўплыву на аўдыторыю ўнутры Беларусі. 

Таксама, відавочна, новая камісія (асобныя яе сябры) будуць актыўна супрацоўнічаць з беларускімі актарамі і арганізацыямі, якія займаюць яўную прарасейскую пазіцыю ўнутры Беларусі. Напрыклад, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Вадзім Гігін і ягоная пляцоўка ў Нацыянальнай бібліятэцы, на якой ужо прайшоў шэраг мерапрыемстваў, якія насілі відавочны прарасейскі характар, партыя «Белая Русь» на чале з Алегам Раманавым і іншыя», — кажа эксперт. 

Па словах эксперта iSANS, дзейнасць камісіі будзе сканцэнтравана на пераглядзе трактоўкі гістарычных падзей, увядзенні ў навучальныя праграмы і гістарыяграфію чужых Беларусі персанажаў і ідэалізацыі гістарычных падзей, звязаных з Расеяй. 

«Як заяўляюць самі падпісанты дамовы: падпісанне Мемарандума аб узаемаразуменні адкрывае якасна новы этап каардынацыі ўзаемадзеяння беларускіх і расейскіх афіцыйных гісторыкаў. У кароткатэрміновай перспектыве мы ўбачым спробу перагляду трактовак некаторых перыядаў гісторыі Беларусі. Сергеенка заявіў, што гэта будзе тычыцца «абароны гістарычнай памяці і праўды аб тых этапах, якія мы прайшлі і праходзім разам». Адпаведна, варта чакаць змены дыскурсу, асабліва па перыядзе гісторыі, калі землі Беларусі ўвайшлі ў склад Расейскай імперыі, вайна 1812 года, Першая сусветная вайна, Другая сусветная вайна, перыяд СССР і іншыя падзеі. Відавочна, што ўсе гэтыя мерапрыемствы будуць прасоўваць расейскі погляд на гісторыю Беларусі, нацыянальнаму погляду на гісторыю месца практычна не застанецца. 

Будзе адбывацца вывад на гістарычную арэну Беларусі новых гістарычных асоб, якія не маюць яўнага дачынення да гісторыі краіны, ці ўвогуле зʼяўляюцца адмоўнымі персанажамі. Мы ўжо назіраем помнік Аляксандру Неўскаму ў Менску.

Неўзабаве можна чакаць кампаніі па абяленні Міхаіла Мураўёва, якога будуць прадстаўляць у выключна станоўчым ключы, і іншых гістарычных дзеячаў. Адначасова працягнецца і ўзмоцніцца шальмаванне беларускіх нацыянальных дзеячаў і сімвалаў: Кастуся Каліноўскага, Тадэвуша Касцюшкі, заснавальнікаў БНР і іншых», — сказаў ён.

 На думку эксперта, новы орган будзе мець таксама і рэпрэсіўную функцыю.

«Камісія можа стаць яшчэ і рэпрэсіўным органам. Аўтары любых навуковых прац і публікацый, якія супярэчаць адзінаму погляду на гісторыю, будуць падвяргацца ціску з боку камісіі. Трывожным момантам тут зʼяўляецца той факт, што калі раней публікацыі павінны былі адпавядаць праўладнай ідэалогіі, то зараз яны мусяць задавальняць патрабаванні і расейскага боку.

Стане больш расейскай прапаганды ва ўстановах адукацыі, што дазволіць расейскаму боку прасоўваць свой погляд на характар ​​расейска-ўкраінскай вайны як праз прамую працу з установамі адукацыі, так і праз розныя мерапрыемствы. Адлюстраванне агульных трактовак і пазіцый па некаторых гістарычных падзеях і перыядах мы можам убачыць у новай навучальнай і навуковай літаратуры», — сказаў на заканчэнне ён.

Чытайце таксама:

У кожным Ленін, амаль у кожным Пушкін, у ніводным Скарыны і Коласа. Якія помнікі стаяць у беларускіх абласных цэнтрах?

Аляксандр Неўскі і тэўтонская свіння, высмактаная з пальца

Што стала з расійскімі помнікамі, якія імперыя ставіла ў нацыянальных правінцыях

Nashaniva.com