Кавалеўскі расказаў, што цяпер робіцца з «пашпартам новай Беларусі»
Прадстаўнік Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі па міжнародных адносінах Валер Кавалеўскі сустрэўся са спецпасланнікамі дэмакратычных краін, з якімі абмеркаваў праблемы стварэння і прызнання «пашпарта новай Беларусі», паведамляе прэс-служба АПКБ.
25.01.2024 / 22:12
Паводле Валера Кавалеўскага, у найбліжэйшых планах — стварэнне органа выдачы пашпартоў з камандай прафесіяналаў, што неабходна для заваявання даверу беларусаў і замежных партнёраў.
Гэты орган мае забяспечыць выкананне найвышэйшых міжнародных стандартаў пры тэхнічнай падтрымцы спецыялізаваных арганізацый: ад збору заявак і вырабу фізічных асобнікаў да бяспечнага захоўвання даных.
Першымі атрымальнікамі новых пашпартоў у выпадку паспяховай рэалізацыі гэтага праекта маюць стаць тыя, хто мае легалізацыю ў краінах пражывання, — людзі, якія ўжо прайшлі першасную праверку нацыянальнымі міграцыйнымі службамі. Гэта, на думку Валера Кавалеўскага, паспрыяе станоўчаму ўспрыманню праекта нацыянальнага пашпарта Беларусі еўрапейскімі партнёрамі.
Неўзабаве прадстаўніцтва па замежных справах Кабінета плануе звярнуцца да дыяспар з прапановай далучыцца да ўдзелу ў кампаніі па стварэнні пазітыўнага іміджу новага нацыянальнага пашпарта Беларусі ў еўрапейскіх краінах.
Чытайце таксама:
Цяжка ўявіць, што «пашпарт новай Беларусі» будзе хутка прызнаны — еўрадэпутат