Прыязны да Расіі прэм'ер Славакіі нечакана стаў на бок Украіны

Роберт Фіца заявіў, што «паміж Браціславай і Кіевам існуюць толькі нязначныя палітычныя рознагалоссі», і дадаў, што гэта «частка звычайнага палітычнага жыцця».

25.01.2024 / 15:19

Роберт Фіца. Denes Erdos / AP

Дружалюбны да Расіі прэм'ер-міністр Славаччыны зрабіў нечаканы разварот у бок Украіны, паабяцаўшы падтрымку Кіеву ўсяго праз некалькі дзён пасля таго, як паставіў пад сумнеў украінскі суверэнітэт, піша Бі-бі-сі са спасылкай на The Financial Times.

Кіраўнік славацкага ўрада Роберт Фіца, які запомніўся правакацыйнымі заявамі падчас перадвыбарнай гонкі пра спыненне вайсковай дапамогі Украіне і адмове ад антырасійскіх санкцый, а таксама скандальнымі выказваннямі ўжо на пасадзе прэм'ера, нечакана рэзка змяніў рыторыку падчас учорашняга візіту ва Ужгарад і сустрэчы з украінскім калегам Дзянісам Шмыгалем.

Фіца заявіў, што «паміж Браціславай і Кіевам існуюць толькі нязначныя палітычныя рознагалоссі», і дадаў, што гэта «частка звычайнага палітычнага жыцця».

«Мы сапраўды хочам вам дапамагчы», — падкрэсліў славацкі палітык.

Дзяніс Шмыгаль адказаў, што гатовы развіваць «прагматычныя і вельмі надзейныя адносіны» паміж дзвюма краінамі.

Пазней Шмыгаль распавёў, што Фіца запэўніў: славацкі ўрад не будзе перашкаджаць славацкім кампаніям ажыццяўляць пастаўкі зброі ва Украіну ў рамках заключаных кантрактаў і дапамагаць умацоўваць яе абарону.

Фіца таксама паабяцаў падтрымаць заяўку Украіны на сяброўства ў ЕС і наданне макрафінансавай дапамогі Кіеву з боку Брусэля.

Раней, калі дапамогу Украіне заблакаваў лідар Венгрыі Віктар Орбан, эксперты меркавалі, што яго можа падтрымаць Фіца. Аднак лідар Славакіі не стаў гэтага рабіць.

Аўтары артыкула звяртаюць увагу, што рыторыка славацкага прэм'ера кардынальна адрозніваецца дома і ў замежных паездках.

Яшчэ некалькі дзён таму Фіца паставіў пад сумнеў суверэнітэт Украіны, заявіўшы, што яна знаходзіцца пад «абсалютным уплывам ЗША».

Ён заклікаў Кіеў саступіць тэрыторыю Расіі, каб пакласці канец вайне, і заявіў, што Славакія будзе выступаць супраць уступлення Украіны ў NATO, бо такі крок можа справакаваць Трэцюю сусветную вайну.

У аўторак ён пайшоў яшчэ далей, заявіўшы, што вайны ў Кіеве наогул няма. На пытанне, чаму ён едзе толькі ва Ужгарад на мяжы са Славакіяй, а не ў сталіцу, Фіца адказаў: «Вы сапраўды верыце, што ў Кіеве ідзе вайна?»

Заява Фіца прыпала на хвалю расійскіх ракетных удараў па Кіеве і іншых гарадах, у выніку якіх загінулі цывільныя.

«Паміж рыторыкай Фіца існуе вялікая разыходжанне ўнутры і за межамі краіны», — кажа Павал Дэмеш, былы міністр замежных спраў Славакіі.

Ён лічыць, што ўкраінскі бок правёў добрую працу напярэдадні візіту Фіца ва Украіну, накіраваную на недапушчэнне эскалацыі напружанасці.

«Але колькасць злосных заяў, зробленых Фіца апошнім часам, ашаламіла многіх у замежнай палітыцы, бо ён разбурыў імідж нашай краіны перад важным візітам», — падкрэсліў Дэмеш.

The Financial Times нагадвае, што Роберт Фіца ўзначаліў кааліцыю, якая распальвала антыўкраінскія настроі. Раней ён тройчы займаў пасаду прэм'ер-міністра.

Апазіцыя абвінаваціла яго ў выкарыстанні дапамогі Расіі для яго перавыбрання. «Яго антыўкраінскія каментары паказалі, што ён проста вяртае доўг Расеі за яе падтрымку перад выбарамі», — сказаў Яраслаў Надзь, былы міністр абароны Славакіі. Фіца, у сваю чаргу, адмаўляе любое ўмяшанне Расіі ў яго перамогу.

Роберт Фіца таксама ўстрывожыў Брусэль, аб'яднаўшыся з Віктарам Орбанам.

Гэта можа нанесці шкоду намаганням па захаванні адзінай падтрымкі Украіны, паказвае выданне і нагадвае, што на мінулым тыдні славацкі прэм'ер заявіў, што вайна ва Украіне не мае ваеннага рашэння, і цяперашняя стратэгія не працуе.

Зрэшты Фіца змяніў свой падыход да экспарту зброі. Летась ён раскрытыкаваў папярэдні ўрад за прадастаўленне Кіеву самалётаў МіГ-29 і паабяцаў забараніць экспарт зброі. Аднак у лістападзе ўрад заявіў, што забарона распаўсюджваецца толькі на дзяржаўныя прадпрыемствы.

У гэтым месяцы парламент яшчэ больш змякчыў правілы, а Міністэрства абароны выдзеліла 100 мільёнаў еўра ў выглядзе субсідый абаронным групам.

Абаронныя прадпрыемствы Славакіі загружаныя вайсковымі замовамі для Украіны — гэта дае працоўныя месцы славакам. Гэта, па словах аглядальнікаў, з'яўляецца важным фактарам, чаму Фіца не спыняе пастаўкі.

Nashaniva.com