З-за новых правілаў «на рэспубліканскім узроўні» ў Лунінцы паўстаў дэфіцыт хлеба
У крамах Лунінца апошнім часам стаў назірацца дэфіцыт хлеба. Імаверна, такая праблема ёсць і ў іншых гарадах, напрыклад, на тое ж скардзіліся жыхары Рагачоўскага і Жлобінскага раёнаў.
24.01.2024 / 11:56
Фота: «Лунинец Online»
На паліцах крам Лунінца ўвечары не знайсці звычайнай «цаглінкі», піша «Лунінец Online». Лепшая сітуацыя ў райпоўскіх крамах, бо там пякуць свой хлеб. У чым жа прычына раптоўнага дэфіцыту?
— Хлебазавод перастаў забіраць чэрствы, таму сталі заказваць менш, — адказала прадавачка гандлёвага абʼекта на пытанне, чаму няма «цаглінкі».
Дырэктар хлебазавода Павел Вабішчэвіч распавёў, што на рэспубліканскім узроўні было забаронена забіраць з гандлю чэрствы хлеб. Раней па палажэннях санітарных нормаў яго пускалі на перапрацоўку. Цяпер гэтага рабіць нельга. Таму хлебазавод, забіраючы чэрствы хлеб і адпраўляючы яго на ўтылізацыю, панясе страты. На фінансавай дзейнасці гэта адбілася б негатыўна.
— Мы выконваем заяўкі ў тых абʼёмах, якія даюць гандлёвыя пункты. У нашых фірмовых крамах праблем з хлебам няма, — запэўніў Павел Вабішчэвіч.
Імаверна, такая праблема ёсць і ў іншых гарадах, напрыклад, на тую ж праблему скардзіліся жыхары Рагачоўскага і Жлобінскага раёнаў.
Чытайце таксама:
Журналісты пула Караніка прывезлі аленям 2,5 тоны гнілой садавіны. Жывёлы есці не сталі