Ісландыя думае адмовіцца ад удзелу ў Еўрабачанні-2024 з-за Ізраіля
Ісландыя не ўпершыню выступае супраць удзелу Ізраіля ў конкурсе. Напрыклад, у 2019 годзе яна пярэчыла супраць правядзення фіналу конкурсу ў Ерусаліме.
24.01.2024 / 11:05
Ёхана — удзельніца «Еўрабачання» ад Ісландыі ў 2009 годзе, дзе яна заняла 2-е месца. Фота са старонкі Ісландыі ў інстаграме.
Ісландская тэлекампанія RÚV абвясціла на сваім сайце, што канчатковае рашэнне аб удзеле ў песенным конкурсе «Еўрабачанне-2024» будзе прынята пасля кансультацыі з пераможцам Нацыянальнага конкурсу Söngvakeppnin 2024, піша newsru.co.il.
Тэлекампанія паведаміла, што сумневы ў мэтазгоднасці ўдзелу прадстаўніка Ісландыі ў міжнародным песенным конкурсе ўзніклі з-за вайны ў сектары Газа і незадаволенасці многіх ісландскіх гледачоў тым, што Ізраіль будзе ўдзельнічаць у конкурсе.
Яшчэ ў снежні Асацыяцыя кампазітараў і аўтараў песенных тэкстаў Ісландыі звярнулася да Нацыянальнага ўпраўлення тэлерадыёвяшчання з патрабаваннем байкатаваць «Еўрабачанне-2024» у знак пратэсту супраць удзелу Ізраіля.
«Мы ўсе абавязаны выступіць супраць вайны і забойства мірных жыхароў і нявінных дзяцей. У нас ёсць выбар, будзь мы прыватнымі асобамі або дзяржаўнай установай, каб не ганьбіць свайго імя», — гаварылася ў заяве, апублікаванай асацыяцыяй у яе Facebook.
Ісландыя не ўпершыню выступае супраць удзелу Ізраіля ў конкурсе. Напрыклад, у 2019 годзе яна пярэчыла супраць правядзення фіналу конкурсу ў Ерусаліме.
У пачатку снежня Еўрапейскі вяшчальны саюз апублікаваў адказ сродкам масавай інфармацыі і вяшчальнікам у розных краінах, якія прасілі забараніць Ізраілю ўдзел у песенным конкурсе. У адказе паведамлялася, што Ізраіль адпавядае ўсім патрабаванням конкурсу і будзе сёлета ўдзельнічаць нароўні з 36-ю іншымі ўдзельнікамі.
Еўрабачанне-2024 пройдзе ў шведскім Мальмё ў маі пасля другой перамогі на конкурсе Loreen.