Памерла 95-гадовая Марыя Бялевіч, дзяячка паваеннага незалежніцкага падполля

На яе супольнай з мужам магіле напісана «Хай сняцца сны аб Беларусі».

24.01.2024 / 08:25

Марыя Бялевіч. Фота: spring96.org

Марыя Бялевіч памерла ў снежні, але пра гэта стала вядома толькі цяпер.

«Яе муж Леў Бялевіч памёр у 2016-м. На яго помніку напісаны словы «Хай сняцца сны аб Беларусі». У снежні 2023-га ва ўзросце 95-ці год побач з мужам пахавалі і Марыю Бялевіч. Адзін з букетаў‌ на яе пахаванні быў бел-чырвона-белы. Ад Беларусі», — паведаміў у фэйсбуку адзін са знаёмых Марыі Бялевіч.

Марыя Бялевіч (Бабіч) нарадзілася ў 1928 годзе ў Бабічах Дзісенскага павета, тады гэта была Заходняя Беларусь. У 1946 годзе падчас навучання ў Глыбоцкай педагагічнай вучэльні далучылася да нязбройнай арганізацыі «За Беларусь», якая пазней улілася ў Саюз беларускіх патрыётаў: студэнты вырашылі папулярызаваць беларускую мову і культуру, ідэю незалежнасці Беларусі, супраціўляцца русіфікацыі навучальнага працэсу.

25 сакавіка 1946 г. разам з іншымі сябрамі СБП прымала прысягу на вернасць беларускаму народу. У верасні 1947 года была арыштаваная з братам Іванам. Марыю Бабіч асудзілі разам з маці Ганнай і дзядзькам Аляксеем Бабічам, якіх судзілі за неданясенне на «ворагаў народу», на 10 год канцлагераў. Пакаранне адбывала ў Комі АССР, Кіраўскай вобласці, у Азерлагу пад Тайшэтам, працавала на будаўніцтве чыгункі Тайшэт-Брацк, потым у Мардоўскай АССР. У 1955 г. разам з братам была накіравана ў Маладзечна на перагляд судовай справы, дзе ёй скарацілі тэрмін да 8 год.

Марыю вызвалілі ў лютым 1956 г., вярнулася ў Беларусь. Пабралася шлюбам з сябрам Глыбоцкай групы СБП Львом Бялевічам, ад якога пазней мела дачку. Пасля вяртання ў Беларусь актывісты знаходзіліся пад ціскам мясцовых уладаў, таму разам з братам і мужам выехала на заробкі ў Інту (Комі АССР).

Чытайце таксама:

Памёр Генрых Траццяк

Памёр Міхаіл Ганчароў

Памёр Уладзімір Нісцюк

Nashaniva.com