Памёр заснавальнік гуртоў Boney M і Milli Vanilli

Заснавальнік гуртоў Boney M і Milli Vanilli, нямецкі прадзюсар Фрэнк Фарыян памёр у сябе дома ў Маямі, паведаміла агенцтва Allendorf Media ад імя яго сям'і. Спрадзюсаваныя і напісаныя ім танцавальныя песні займалі верхнія пазіцыі чартаў у 1970-я і 1980-я гады. Яму было 82 гады.

23.01.2024 / 18:57

Фарыян нарадзіўся ў 1941 годзе ў Кірне (паўднёвы захад Германіі). Ад нараджэння яго звалі Францам Ройтарам. Ён атрымаў адукацыю шэф-кухара.

Музычную кар'еру пачаў як спявак, а потым як прадзюсар. Фарыян таксама працаваў з такімі музыкамі, як Meat Loaf і Стыві Уандэр. Як паведамляецца, ён прадаў каля 800 мільёнаў пласцінак па ўсім свеце.

Гурт Boney M Фарыян заснаваў у 1975 годзе і быў сааўтарам такіх хітоў калектыву, як Daddy Cool, Rasputin, Mary's Boy Child, Ma Baker.

Папулярная ў Еўропе Boney M стала першай заходняй поп-групай, якая выступіла ў СССР, яна была запрошаная на канцэрт у Маскве незадоўга да маскоўскай Алімпіяды. Тады ёй дазволілі зняць кліп на Краснай плошчы.

Першы альбом іншага заснаванага Фарыянам гурта, Milli Vanilli, быў шэсць разоў плацінавым у ЗША ў 1989 годзе, а мюнхенскі дуэт атрымаў прэмію Грэмі як найлепшы новы выканаўца. Пазней высветлілася, што музыкі выступаюць пад фанаграму, а іх песні запісаныя іншымі людзьмі. Упершыню ў гісторыі прэміі яна была адкліканая.

У 2022-м Фарыян перанёс аперацыю па замене сардэчнага клапана.

Чытайце таксама:

Памёр украінскі акцёр-комік Яўген Хаіт, удзельнік культавага «Джэнтльмен-шоу»

Памёр экс-кіраўнік кампартыі Савецкай Эстоніі. У 1988-м ён не пабаяўся выступіць за незалежнасць

Памёр расійскі паэт Леў Рубінштэйн

Nashaniva.com