У аэрапорце Мінска затрыманы 28-гадовы ўхіліст ад войска
Хлопец яшчэ ў 2016 годзе выехаў за межы Беларусі, шэсць гадоў пражыў у ЗША і знаходзіўся ў вышуку за ўхіленне ад службы ў арміі, піша «Спутнік».
23.01.2024 / 15:17
19 красавіка 2016 года, паведамілі ў пракуратуры, хлопец не зʼявіўся ў ваенкамат для праходжання медыцынскага агляду. Пазней малады чалавек выехаў за межы краіны і жыў у ЗША, дзе ажаніўся з грамадзянкай Беларусі. Там у іх нарадзілася дачка.
У канцы 2023 года ён быў затрыманы супрацоўнікамі праваахоўных органаў у Нацыянальным аэрапорце «Мінск».
У дачыненні да яго была распачатая крымінальная справа па ч. 1 арт. 435 (ухіленне ад мерапрыемстваў прызыву на вайсковую службу) Крымінальнага кодэкса Беларусі.
Санкцыя артыкула прадугледжвае пакаранне ў выглядзе грамадскіх прац, штрафу, арышту, абмежаванні волі на тэрмін да двух гадоў ці пазбаўленне волі на той жа тэрмін.
Мінчанін узяты пад варту.