Лукашэнка давёў генералам, што Польшча і Літва значна горшыя нават за вайну ва Украіне

Аляксандр Лукашэнка склікаў нараду, дзе заклікаў да пільнасці «на фоне мілітарыстычнай абстаноўкі ў суседніх краінах». Адпаведную заяву ён зрабіў пры зацвярджэнні рашэнняў на ахову дзяржаўнай граніцы ў 2024 годзе, перадае БЕЛТА.

23.01.2024 / 11:52

Лукашэнка адзначыў, што хаця гэта мерапрыемства традыцыйнае, але вельмі важнае з-за таго становішча, якое «разгортваецца вакол Беларусі».

«Сённяшняе рашэнне на ахову дзяржаўнай мяжы мае сваю асаблівасць у тым, што ў нас асаблівая сітуацыя: на поўдні — вайна, на захадзе — Польшча, Літва, балтыйскія дзяржавы — і таго горш. Падкрэсліваю: і таго горш. Там рыхтуюцца адпаведныя атрады, палкаводцы вызначаныя», — сказаў ён. 

Лукашэнка зноў падкрэсліў, што ў Беларусі ведаюць і «байцоў гэтых атрадаў», якія гатовы ўжо ваяваць супраць уласнай краіны. 

«Таму, як я заўсёды вайскоўцам гавару, і асабліва міністру абароны: мы не павінны нічога празяваць, па-народнаму гаворачы. Ні ў якім разе нельга дапусціць нейкага выпадковага развіцця падзей на нашай граніцы. Таму — пільнасць і яшчэ раз пільнасць», — сказаў ён.

Nashaniva.com