«Ну, і што?» Міністра гандлю загналі ў тупік «неканструктыўным» пытаннем пра дзяржрэгуляванне цэн
У міністра гандлю і антыманапольнага рэгулявання Аляксея Багданава паспрабавалі даведацца, якімі крытэрыямі ён кіруецца, калі заяўляе, што ў гандлі «не адбылося нічога страшнага» з-за строгага дзяржаўнага рэгулявання цэн. Але атрымаць адказ на гэтае пытанне не атрымалася, піша «Люстэрка».
20.01.2024 / 17:06
Аляксей Багданаў. Фота: АНТ
Няёмкая для міністра сітуацыя адбылася падчас канферэнцыі «Рэспубліканскі клуб дырэктараў», якая прайшла ў Мінску 19 студзеня. Выступаючы на ёй, Аляксей Багданаў заявіў, што ўлады не плануюць адмяняць 713-ю пастанову ўрада, якой па ініцыятыве Лукашэнкі з канца 2022 года ўвялі суровае дзяржаўнае рэгуляванне цэнаў.
«Іншага інструмента рэгулявання мы не прыдумалі. Мы пакуль будзем выбудоўваць сваю працу ў адпаведнасці з гэтай пастановай», — адзначыў міністр.
Са слоў чыноўніка, 713-я пастанова была «складана ўспрынятая» і бізнэсам, і дзяржпрадпрыемствамі, але за год яе дзеяння «нічога крытычнага не здарылася».
«Тавары як былі, так і засталіся. Прадпрыемствы працуюць, кампаніі працуюць, навучыліся па-новаму ажыццяўляць сваю дзейнасць. Так, нейкія тавары сышлі з рынку, замясціліся іншымі, але гэта натуральны працэс, які адбываецца пастаянна па тых ці іншых прычынах. Паводле нашых ацэнак, негатыўнага ўплыву [пастанова аб дзяржрэгуляванні цэнаў] не аказала на эканоміку», — заявіў кіраўнік МАРГ.
Але адзін з журналістаў, які прысутнічаў на канферэнцыі, паспрабаваў высветліць у Аляксея Багданава, якіх крытэрыяў «страшнасці» ён прытрымліваецца, калі гаворыць, што «нічога крытычнага не здарылася». І паміж імі адбыўся цікавы дыялог.
— Днямі Белстат выдаў статыстыку за 11 месяцаў мінулага года. Выручка — плюс 11,9%, чысты прыбытак — мінус 8,1%. Павялічылася колькасць стратных прадпрыемстваў, пагоршылася рэнтабельнасць і гэтак далей. Усе паказчыкі ў мінусе. Прычым калі параўноўваць з данымі за 10 месяцаў, вельмі моцна абваліўся чысты прыбытак — мінус 2,2%. Я думаю, і дурню зразумела, з чым гэта звязана. Менавіта ў кастрычніку вы сталі змагацца з цэнамі. Вы цяпер заявілі, таварыш Багданаў, — нічога страшнага не адбылося. Хацелася б зразумець, даведацца, дакладней, у вас: крытэрыі «страшнасці» якія? — спытаў журналіст.
— Вы хто? — спытаў Аляксей Багданаў.
Міністру растлумачылі, што пытанне задаваў адзін з журналістаў, які знаходзіўся ў зале.
— А што за звесткі, адкуль вы іх прывялі? — удакладніў Аляксей Багданаў.
Журналіст удакладніў, што гэта звесткі Белстата за 10 і 11 месяцаў мінулага года.
— Ну, і што? — спытаў кіраўнік МАРГ.
— Вам паўтарыць яшчэ раз? — перапытаў журналіст.
— Дык я і без вас ведаю гэтыя лічбы. І што? Нават больш ведаем, чым тое, што вы прывялі. Што не публікуецца. І што?
— Крытэрыі «страшнасці»… Калі ў нас у краіне выручка расце, сабекошт расце, чысты прыбытак падае, колькасць стратных прадпрыемстваў расце. А вы кажаце, што нічога страшнага, — удакладніў журналіст. — Потым другое пытанне. Вы кажаце, што не звузіўся асартымент, у асобных толькі рэчах. Дык а за кошт чаго тады вырасла колькасць, як вы сказалі, беларускіх тавараў, іх аб'ём у «працэнтажы». Менавіта за кошт таго, што ўпаў замежны. Вы гаворыце пра аўтаматызацыю працэсу… А колькі было ручных заяў, скажам так, пра ўздыманне цаны за год?
— А навошта вам гэта? — спытаў міністр, а затым дадаў: — Дайце, можа быць, у кагосьці сапраўды ёсць нармальныя пытанні, канструктыўныя.
У выніку кіраўнік МАРГ так і не патлумачыў, якіх крытэрыяў «страшнасці» ён прытрымліваецца, калі гаворыць, што «нічога крытычнага не здарылася» з-за пастановы аб дзяржрэгуляванні цэнаў.
Праблема ўзнікла пасля таго, як 6 кастрычніка 2022 года Аляксандр Лукашэнка забараніў падвышаць цэны. Для гэтага спачатку ўвялі спецыяльную дырэктыву №10, а 19 кастрычніка 2022 года ўрад прыняў альтэрнатыву ёй — пастанову № 713 аб рэгуляванні цэн на пэўныя тавары. Ёй увялі гранічныя надбаўкі для імпарцёраў і гандлю. Пасля таго пастанову неаднаразова спрабавалі палепшыць, уносячы ў яе розныя карэкціроўкі.
Чытайце таксама:
Год таму ў Беларусі забаранілі рост цэн. Як цэны з таго часу змяніліся?
МАРГ «карэктуе» сістэму рэгулявання цэн, але захавае яе да канца года
Лукашэнка: У распушчанасці цэн зацікаўлены мільёны людзей
Упадуць цэны, а разам з імі і заробкі? Чаго чакаць ад абмежавання гандлёвых надбавак
«Можа з'явіцца дэфіцыт некаторых тавараў». Дыстрыб'ютар расказаў, як плануе працаваць у новых умовах