Качанава выгуляла на МТЗ раскошную шубу са скандынаўскай норкі
Самая высокапастаўленая беларуская чыноўніца прыехала да завадчан расказваць пра сацыяльную справядлівасць у шубе да пятаў.
19.01.2024 / 18:37
Качанава наведала Мінскі трактарны завод, апранутая ў раскошнае футра, меркавана, са скандынаўскай норкі.
Модныя павевы апошніх сезонаў кажуць, што забойства жывёл дзеля адзення не адпавядае сучасным стандартам гуманнасці. Але вятры перамен прыходзяць у Беларусь са спазненнем і ў нашых краях норкавае футра ўсё яшчэ асацыюецца з раскошай.
Фота: тэлеграм-канал Савета Рэспублікі
У свеце беларускай палітыкі важна падтрымліваць імідж даступнасці і блізкасці да звычайных грамадзян — сціплы вобраз дазваляе здымаць негатыў і лягчэй «прадаваць» патрэбныя ідэі электарату. У недалёкім мінулым беларускія «слугі народа» адчувалі гэтыя межы і стараліся не выстаўляць сваё прывілеяванае становішча напаказ, але сёння, відаць, сітуацыя змянілася — ім ужо не трэба задумвацца пра дарэчнасць.
Так, багатым аўтфітам Качанава падкрэслівае разрыў паміж сваім становішчам у сацыяльнай іерархіі і месцам звычайных завадчан.
Зрэшты, можа, чыноўніца проста хацела звярнуць увагу на сваю працавітасць. У звароце да рабочых Наталля Іванаўна падкрэсліла: «Чалавек працы павінен атрымліваць дастойную заработную плату і разумець, што ў яго ёсць сацыяльныя гарантыі».
Магчыма, шубай — цана падобнай у Мінску стартуе ад $3500 — яна хацела паказаць, што працуе не пакладаючы рук і таму атрымлівае добры заробак.
Пралічылася Качанава і з правіламі этыкету: з пункта гледжання дзелавога дрэс-коду, афіцыйны візіт — не найлепшая нагода, каб казыраць багаццем. Для падставаў накшталт наведвання завода падышло б драпавае паліто або мінімалістычны пухавік.
Наяўнасць норкавага футра можна было б апраўдаць моцнымі маразамі, аднак у сталіцы сёння было ўсяго мінус 3, і ў футравым халаце магло быць заспякотна. Але, калі жанчына жадае «выгуляць» свой гардэроб, прагноз надвор'я яшчэ ніколі ёй не перашкаджаў.
Акрамя Качанавай і іншыя набліжаныя да Лукашэнкі жанчыны песцяць сябе дарагімі рэчамі. А гардэроб яго нявестак сапраўды можа вас здзівіць.
Чытайце таксама:
На сустрэчы з Лукашэнкам Наталля Качанава парушыла адразу тры правілы дзелавога дрэс-коду
Фізрук, «змагар» з 23.34, судзімы за крадзеж: дзе працуюць і як выглядаюць мужы топ-чыноўніц?