Айцішнік з Гродна за данат 1,78 еўра «ахвяраваў» дзіцячаму фонду 1000 даляраў
Сілавікі сцвярджаюць, што гродзенскія айцішнікі прыйшлі з пакаяннем пасля адпраўкі данатаў.
19.01.2024 / 13:00
Ілюстрацыйнае фота
Тэлеграм-канал сілавікоў апублікаваў відэа з трыма айцішнікамі з Гродна, якія нібыта прыйшлі з пакаяннем пасля данатаў Nexta і «Байсолу», піша тэлеграм-канал «Право імеют».
Сцвярджаецца. што айцішнік перавёў Nexta 1,8 еўра праз PayPal. Для «кампенсацыі шкоды» ён перавёў у дзіцячы фонд 1000 даляраў.
Яшчэ адзін айцішнік таксама адправіў данат Nexta праз PayPal 17 студзеня 2021 года. На дабрачыннасць ён аддаў 5000 даляраў.
Інжынер-праграміст адправіў два данаты на 35 еўра BYSOL. Ён сказаў, што сам прыйшоў у міліцыю і адправіў 5000 даляраў у фонд дапамогі хворым дзецям за «сваю правіннасць».