Полк Каліноўскага выпраўляе прадстаўнікоў на публічныя сустрэчы з беларусамі замежжа
На іх будуць гаварыць пра будучыню Беларусі і сумесныя дзеянні па набліжэнні пераменаў на радзіме.
19.01.2024 / 10:35
Канферэнцыя Палка Каліноўскага ў Кіеве 29 лістапада 2023 года. Фота: прэс-служба Палка Каліноўскага
Каліноўцы з 21 студзеня па 1 лютага пабачацца з беларусамі ў 12 гарадах Польшчы, Чэхіі, Нямеччыны і Літвы.
У анонсе паездкі адзначаецца, што багата беларусаў, якія апынуліся на чужыне з-за палітычнага пераследу, ускладаюць на Полк Каліноўскага свае надзеі на вяртанне.
«Але вызваліць нашу краіну мы можам толькі разам!» — падкрэсліваецца ў ім.
Намеснік камандзіра Палка Вадзім Кабанчук кажа, што яму не хацелася б называць беларусаў на чужыне эмігрантамі, бо гэта азначае, што яны пакінулі радзіму на доўгі час.
«Вядома, трэба глядзець на сітуацыю рэалістычна, але ўсе нашы дзеянні павінны быць накіраваныя на вяртанне ў Беларусь. Для гэтага нам трэба кансалідавацца, каб скарыстацца тымі магчымасцямі, якія перад намі абавязкова зʼявяцца. І менавіта пра тое, як нам усім разам змяніць сітуацыю ў нашай краіне, каб усе ахвотныя маглі вярнуцца, мы б хацелі паразмаўляць на сустрэчах з беларусамі», — даводзіць ён.
Кабанчук кажа, што за амаль два гады вайны Палку дапамагла вялізная колькасць беларусаў.
«Гэта менавіта тыя беларусы, якія хочуць вярнуцца і не сядзяць склаўшы рукі. Мы хочам ім асабіста падзякаваць за дапамогу і выпрацаваць механізмы далейшай сумеснай працы», — адзначае ён.
Нядаўна Вадзім Кабанчук выказаўся за стварэнне беларускіх вайсковых фармаванняў у самой Еўропе. На яго думку, новыя фармаванні маглі б уліцца ў польска-ўкраінска-літоўскую брыгаду імя Канстанціна Астрожскага. Ахвотных, разлічваў ён, будуць сотні.
Летась у лістападзе з беларусамі сустракаліся палітыкі Вадзім Пракоп'еў, Валерый Сахашчык, Андрэй Ягораў. Іх турне было па трох польскіх гарадах: Уроцлаве, Познані і Варшаве.
Яны гаварылі пра неабходнасць абʼяднання беларусаў у масавую арганізаваную структуру, якая павінна стаць апірышчам для дэмакратычных пераменаў у Беларусі без Лукашэнкі, а таксама пра выбары ў Каардынацыйную раду.
Вадзім Кабанчук настойвае, што паездка каліноўцаў не звязаная з паездкамі іншых людзей.
Паводле яго, сустрэчы беларускіх добраахвотнікаў з суайчыннікамі рэгулярна праводзіліся яшчэ да поўнамаштабнай вайны. Іх ініцыятарам быў адзін са стваральнікаў Палка Ян Мельнікаў, які ваюе за Украіну з 2014 года, а таксама іншыя беларускія добраахвотнікі.
Падраздзяленне сістэмна падтрымлівае кантакты з беларусамі ў замежжы, але сустрэч з імі не было апошнія два гады. Запыт на іх існуе.
«Ад пачатку поўнамаштабнай вайны беларускім добраахвотнікам стала цяжка выязджаць з Украіны. Гэта звязана як і з іх удзелам у баявых дзеяннях, так і з тым, што выехаць не так і проста з краіны, якая ваюе», — тлумачыць Вадзім Кабанчук.
Паводле яго, у Палка Каліноўскага ёсць планы па вызваленні Беларусі на выпадак зʼяўлення «вакна магчымасцяў».
***
Полк Каліноўскага — ваенная фармацыя ў складзе Узброеных сіл Украіны, сфармаваная з беларускіх добраахвотнікаў. Падраздзяленне створанае ў сакавіку 2022 года. У яго складзе батальёны «Волат» і «Літвін».
Місія Палка: «Вызваленне Беларусі праз вызваленне Украіны». Паводле каліноўцаў, вызваленне Украіны ад расійскіх захопнікаў немінуча прывядзе да паслаблення і нават краху пуцінскага рэжыму, што дасць «магчымасць паставіць кропку ў гісторыі існавання рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі».
У 2022 годзе каліноўцы заявілі пра палітычныя амбіцыі. Стала вядома пра існаванне палітычнага сойму Палка.
У 2023 годзе Полк сабраў канференцыю «Шлях да Волі», на якой паспрабаваў аб’яднаць усе дэмакратычныя сілы і распрацаваць стратэгію вызвалення Беларусі.
Глядзіце таксама:
Полк Каліноўскага паведаміў пра аднаўленне рэкрутынгу ў свае шэрагі
Полк Каліноўскага прадставіў справаздачу з незалежнага аўдыту
Карпянкоў адрэагаваў на канферэнцыю каліноўцаў: Мы нават сабак не прыводзілі ў баявую гатоўнасць