Некаторыя людзі пакідаюць у нашым мозгу ўнікальны хімічны след — навукоўцы. Вось што гэта мяняе
Сапраўдныя пачуцці паміж людзьмі аказваюць моцны ўплыў на мозг, пакідаючы ў ім унікальны хімічны след.
17.01.2024 / 21:34
Чалавечы мозг — самы складаны орган, які адказвае за тое, як мы пазнаем і ўспрымаем навакольны свет. І гэта адносіцца не толькі да нашых органаў пачуццяў, але і да эмоцый. Чаму так адбываецца, што мы хочам праводзіць з аднымі людзьмі больш часу, чым з іншымі? Вучоныя паспрабавалі знайсці адказ на гэтае пытанне. І ў гэтым ім дапамаглі шэрыя палёўкі.
Папярэднія даследаванні паказалі, што гэтыя грызуны праяўляюць такую ж эмпатыю, як і людзі. Як і мы, шэрыя палёўкі суцяшаюць сваіх блізкіх, якія перажываюць стрэс. Як тлумачаць вучоныя, гэта адбываецца з-за аксітацыну — гармону кахання.
Да таго ж, шэрыя палёўкі — адныя з нешматлікіх істотаў, якія, як і людзі, утвараюць манагамныя адносіны. Усё гэта робіць іх надзвычай каштоўнымі для аналізу розных аспектаў узаемаадносін у свеце людзей.
У новым даследаванні, вынікі якога апублікаваныя ў часопісе Current Biology, вучоныя паспрабавалі высветліць, што адбываецца ў мозгу гэтых грызуноў пры наладжванні і разрыве партнёрскіх адносін.
Аўтары выкарыстоўвалі найноўшыя метады нейравізуалізацыі. Дзякуючы ім яны змаглі ў рэжыме рэальнага часу праверыць, што адбываецца ў мозгу палёвак, калі іх разлучалі з партнёрам, і ім даводзілася праходзіць праз шэраг выпрабаванняў, каб зноў уз'яднацца.
Спачатку пару раздзялялі дзверы, якія трэба было адчыніць націснуўшы на рычаг. На наступным этапе самцы прыйшлося пераадолець агароджу, каб дабрацца да самца.
Валаконна-аптычныя датчыкі былі імплантаваныя ў мозг палёвак. Яны загараліся, калі знаходзілі дафамін — гармон шчасця, які выпрацоўваецца ў прылеглым ядры і адыгрывае ролю матыватару ў імкненні да ўзнагароджання і фармаванні задавальнення. Як вядома, калі чалавек нечым займаецца, што ўрэшце прывядзе яго да здзяйснення жаданняў, то мозг выпрацоўвае дафамін. Падобны працэс адбываецца і ў мозгу палёвак.
Як паказаў эксперымент, кожны раз, калі палёўкі сустракаліся са сваімі партнёрамі, датчыкі загараліся яркім святлом. Калі іх разлучалі, датчыкі гаслі. Вучоныя заўважылі, што яркае святло быў толькі ў выпадку сустрэчы палёўкі са сваім партнёрам. Калі ж грызун на другім баку барʼеру сустракаў нейкую выпадковую палёўку, то выпрацоўкі дафаміну не назіралася.
«Па сутнасці, мы выявілі біялагічны подпіс жадання, які дапамагае нам растлумачыць, чаму мы хочам быць з некаторымі людзьмі больш, чым з іншымі людзьмі. Даследаванне паказвае, што некаторыя людзі пакідаюць унікальны хімічны след у нашым мозгу, які прымушае нас падтрымліваць гэтыя сувязі з цягам часу. Гэта тлумачыць пераборлівасць нашага жадання ўзаемадзейнічаць з рознымі людзьмі»,— цытуе Newsweek адну з аўтарак, прафесарку нейрабіялогіі Зоі Дональдсан (Zoe Donaldson).
На наступным этапе эксперыменту пару палёвак раздзялілі на чатыры тыдні — вельмі працяглы тэрмін для гэтых жывёл. Стан палёвак можна параўнаць з людзьмі, якія перажываюць жалобу ці балючы разрыў адносін. Пасля такога перапынку грызуны, якія жывуць у дзікай прыродзе, звычайна пачынаюць шукаць новага партнёра.
Цікава, што калі палёўкі пасля такога доўгага расстання нарэшце сустрэліся, выявілася, што яны хоць і не забыліся адзін аднаго, але характэрны выкід дафаміну не фіксаваўся. Навукоўцы назвалі гэта свайго роду перазагрузкай у мозгу, якая «дазваляе жывёле працягваць рухацца і патэнцыйна фармаваць новую сувязь».
Гэта можа быць добрай навіной для ўсіх з разбітым сэрцам. Здаецца, у нашым мозгу ёсць механізмы, якія дапамагаюць нам «ісці далей» пасля разрыву адносін.
Аднак наўпрост трансляваць вынікі эксперыменту на палёўках на чалавечы досвед пакуль рана. Неабходны далейшыя даследаванні. Вучоныя спадзяюцца, што атрыманыя вынікі дапамогуць людзям, якія перажылі гора расстання з блізкім чалавекам ці маюць цяжкасці з наладжваннем блізкіх адносін.
Чытайце яшчэ:
Навукоўцы: Мышы дапамогуць чалавецтву змагацца з фэйкамі
Мікрахімерызм сведчыць, што кожны з нас носіць часцінку іншага