Топ-4 кандыдаты ў новыя кіраўнікі Адміністрацыі Лукашэнкі пасля сыходу Сергеенкі
Замена пасівелага камандзіра Палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Андрэйчанкі на Ігара Сергеенку адкрывае дарогу ў кіраўнікі Адміністрацыі Лукашэнкі іншым людзям. Кіраўнік АП — гэта пасада галоўнага кантралёра выканання даручэнняў Лукашэнкі і галоўнага кадравіка адначасова. Наш прагноз базуецца на суб'ектыўным адчуванні аўтараў і нашых суразмоўцаў з уладных калідораў.
17.01.2024 / 12:53
Максім Рыжанкоў, першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі
Максім Рыжанкоў ужо шмат год (з 2016) служыць першым намеснікам у Адміністрацыі, паспеўшы пабыць правай рукой і ў Качанавай, і ў Сергеенкі.
Максім Рыжанкоў, а не Ігар Сергеенка, быў ад Адміністрацыі на нарадзе па падрыхтоўцы новай канцэпцыі нацыянальнай бяспекі 16 студзеня. Скрыншот
Пасля смерці Рыжанкова-старэйшага, міністра спорту, у 1996-м, Лукашэнка ў пэўным сэнсе замяніў Максіму бацьку. Аддадзены той яму бязмерна.
Рыжанкоў доўга працуе і ведае ўвесь «прэзідэнцкі народ» у краіне, ніколі сябе не кампраметаваў, ужо дастаткова вырас і набраўся досведу, каб нарэшце самому ўзначаліць Адміністрацыю.
Любы іншы кар'ерны рух будзе для яго паніжэннем.
Рыжанкову 51 год.
Валерый Вакульчык, памочнік па Брэсцкай вобласці
Лукашэнка давярае людзям у пагонах. Яны яго не падводзяць. Спецслужбіст Сергеенка выдатна спраўляўся са сваёй работай.
Вакульчык — вельмі падобны. Ён ужо быў на адказнай кіруючай пасадзе — старшынёй КДБ, — не паставіўшы пад сумнеў сваю лаяльнасць.
А за апошнія гады спрактыкаваўся ў кадравай рабоце. Памочнікі Лукашэнкі адказваюць за падбор і рэкамендацыю цывільных кадраў у вобласці, падпарадкоўваючыся кіраўніку Адміністрацыі.
Вакульчык справа ад Сяргеенкі. Фота: БЕЛТА
«Брэсцкая вобласць эфектыўна працуе са сваім кадравым рэзервам», — хваліў Вакульчыка ягоны былы падначалены Ігар Сергеенка.
Падазронасць, уменне бачыць двайное дно — важныя якасці для галоўнага кадравіка ў часы, калі ворагі і правакатары абклалі рэспубліку.
Вакульчыку 59 год.
Уладзімір Каранік, гродзенскі губернатар
Караніку не трэба лішні раз даказваць сваю лаяльнасць: тысячамі неабавязковых смерцяў ад кавіду ён паказаў, чыё слова для яго галоўнае ў жыцці насуперак усім рацыянальным і гуманістычным развагам.
У сферы адказнасці Караніка важныя дзяржаўныя праекты: АЭС, мігранцкія атакі.
Ён жа справіўся з самай непаслухмянай вобласцю ў гарачыя часы 2020-га: не падвёў, вычысціў, пазвальняў, абяскровіў, навёў санітарыі і можа ісці з выпаленага поля на павышэнне ў Мінск.
Раней Лукашэнка сам хваліў Караніка, называючы яго «крэпкім кандыдатам» у прэзідэнты.
Караніку 51 год.
Мікалай Снапкоў, першы віцэ-прэм'ер
Снапкоў — цёрты кадр сістэмы.
Снапкоў — гэта не спецыяліст па каналізацыях, а чалавек, які лепей за многіх разбіраецца ў сутнасці і прычынах рэчаў. Асабліва эканамічных.
Мае аўтарытэт у розных колах, можа пераканаць працаваць на сістэму людзей, якія наўрад ці б паслухалі папярэдніх кандыдатаў.
Да таго ж, у Адміністрацыі прэзідэнта ён ужо працаваў на пасадзе намесніка і ведае спецыфіку работы, а ў Савеце міністраў трохі заседзеўся.
Даць яму кадравую ўладу выглядае магчымым крокам, адаптаваным да рэалій, калі ад кіраўнікоў патрабуецца спалучаць і лаяльнасць, і прафесіяналізм — а яны, прызначаныя па рэкамендацыях папярэдніх кіраўнікоў Адміністрацыі, адзін за адным заязджаюць у СІЗА.
Снапкову 55 гадоў.