Беларусы не хочуць ні Беларусь Ціханоўскай, ні Беларусь Лукашэнкі — даследаванне Астапені

Дырэктар «Беларускай ініцыятывы» Chatham House Рыгор Астапеня расказаў, які вобраз краіны бліжэйшы беларусам.

16.01.2024 / 22:07

Рыгор Астапеня. Скрын відэа EuroradioLive / YouTube

Новая справаздача грунтуецца не толькі на выніках апытанняў, але і на глыбінных інтэрв'ю са звычайнымі людзьмі. Пакуль яна не выдадзена, але з асноўнымі вынікамі Астапеня падзяліўся ў эфіры «Еўрарадыё».

Калі схематычна, то існуюць два вобразы нашай краіны. Адзін з іх прапаноўвае Лукашэнка, другі — дэмакратычны рух.

Першы вобраз уяўляе сабою аўтарытарызм у кіраванні, захаванне дзяржаўнай уласнасці, падтрымку наратыву пра тое, што «мы — савецкія людзі», арыентацыю ў знешняй палітыцы на Расію.

Калі казаць пра вобраз Беларусі ва ўяўленні дэмакратычнага руху, то тут краіна прадстаўляецца як ліберальна-дэмакратычная, беларускамоўная, з вялікай прыватнай доляй у эканоміцы і арыентацыяй на Захад.

Як адзначае Астапеня, «па факце беларусы адну Беларусь ужо перараслі, а да другой яшчэ не дараслі».

«І матляюцца яны недзе паміж гэтымі дзвюма Беларусямі <…>

У выпадку палітычнага кіравання беларусам больш даспадобы дэмакратычны рух. У выпадку эканомікі яны знаходзяцца недзе пасярэдзіне паміж вобразам Лукашэнкі і вобразам дэмакратычнага руху. Хоць, безумоўна, ёсць пэўная стомленасць ад Лукашэнкі.

Таму, адпаведна, большая прыхільнасць да дэмакратычнага руху. У выпадку ідэнтычнасці беларусам больш падабаецца прасавецкі вобраз. У выпадку знешняй палітыкі яны хочуць таго, чаго ніхто не дае — нейкай нейтральнасці. Але яе ніхто не прапаноўвае».

Па словах Астапені, большасць беларусаў хацелі б дэмакратычнасці. Але калі ім разам з ёй прапануецца беларуская мова як адзіная дзяржаўная, то гэта выклікае сумневы ў тым, ці хочуць яны такую дэмакратыю.

«У кожным з вобразаў для значнай часткі беларусаў ёсць нешта чужое, што ім не вельмі падабаецца», — тлумачыць Астапеня і згадвае пра поспех 2020 года, калі беларусам «прапаноўвалі прыкладна тое, што яны насамрэч хочуць».

Чытайце яшчэ:

Колькі сярод беларусаў свядомых, а колькі русіфікаваных? Вынікі новага даследавання

Колькі жанчын у Беларусі падвяргаюцца хатняму гвалту — вынікі апытання

Новае даследаванне паказала, што большасць беларускай моладзі выступае або за нейтралітэт, або за ўступленне ў НАТА 

Nashaniva.com