Расійскі Ніжні Ноўгарад затапіла кіпенем пасля прарыву трубы. Пацярпелі 16 чалавек
У выніку прарыву трубы ў раёне вуліц Славянская, Студзёная і Горкага праезную частку і тратуары заліло кіпенем. З-за камунальнай аварыі без ацяплення засталіся 20 шматкватэрных дамоў і два сацыяльна значныя аб'екты.
16.01.2024 / 15:04
700-міліметровая труба лопнула ў доме на вуліцы Студзёнай. У выніку камунальнай аварыі апяклі ногі як мінімум 16 чалавек, у тым ліку двое дзяцей. Пацярпелых даставілі ў бальніцу з апёкамі ног 1-2 ступеняў.
Днём раней кіпень паліўся з трэснутых батарэй проста падчас урокаў у ліцэі №40 горада Арла, дзе 15 студзеня адбылася аварыя ў кацельні. У выніку паломкі без ацяплення засталіся дзясяткі жылых дамоў.
Парад камунальных аварый, якія пакінулі без цяпла сотні тысяч людзей ад Падмаскоўя да Далёкага Усходу, ідзе ў расійскіх рэгіёнах з пачатку 2024 года на фоне моцных маразоў.
Знос сетак камунальнай інфраструктуры ў Расіі, уключаючы цепла– і водазабеспячэнне, а таксама каналізацыю, да сярэдзіны 2022 года перавысіў 70%.
Пры гэтым Уладзімір Пуцін заяўляў, што расійскія ўлады ў 2023 годзе ажыццявілі маштабныя інвестыцыі ў інфраструктуру ЖКГ. Паводле яго слоў, з розных крыніц на мадэрнізацыю сістэмы было накіравана 337 мільярдаў рублёў (4 млрд даляраў). У той жа час у 2024-2026 гадах фінансаванне ЖКГ з федэральнай казны будзе зрэзана больш чым удвая, пішуць The Moscow Times.