30 гадоў таму Біл Клінтан наведаў Мінск
42-гі прэзідэнт ЗША правёў у Беларусі шэсць гадзін.
15.01.2024 / 09:15
30 гадоў таму, 15 студзеня 1994 года, Беларусь наведаў прэзідэнт ЗША Біл Клінтан. Яго сустракалі пад бел-чырвона-белым сцягам.
Клінтан правёў у Мінску крыху болей за шэсць гадзін.
Кіраўнік Злучаных Штатаў сустрэўся са старшынёй Вярхоўнага Савета Станіславам Шушкевічам, усклаў вянок на Плошчы Перамогі, павітаўся і паразмаўляў з мінчукамі на праспекце тады яшчэ Францішка Скарыны, сустрэўся з моладдзю ў Акадэміі навук.
Біл Клінтан наведаў таксама Курапаты — месца масавых расстрэлаў у часы сталінскага тэрору, дзе ўшанаваў памяць загінулых.
Больш прэзідэнты ЗША ў Беларусь не прыязджалі.
Аднак у ліпені 1974 года ў Мінск заехаў прэзідэнт Рычард Ніксан, які гасціў у Маскве. Праз месяц у Амерыцы выбухнуў «уотэргейцкі скандал», і Ніксан пайшоў у адстаўку.