Раманава: Куку.org адмовіцца ад сайта і цалкам пяройдзе на іншыя пляцоўкі
Медыяпраект Kyky, які існуе з 2010 года і займаў нішу гарадскога анлайн-часопіса ў Мінску, плануе адмовіцца ад сайта. Пра гэта паведаміў былы галоўны рэдактар выдання Віктар Малішэўскі.
13.01.2024 / 19:37
Сайт выдання kyky.org
Паводле Віктара Малішэўскага, частка журналістаў застаецца ў праекце, працягне працу інстаграм і тыкток выдання, але сайт вымушана прыпыняе працу праз праблемы з фінансаваннем.
«У Куку мяняецца галоўны рэдактар. Мы таксама мяняем фармат і перарабляем пляцоўкі, тэсціруем новую каманду і збіраемся вяшчаць па-новаму, каб быць больш цікавымі нашым чытачам», — тлумачыць Саша Раманава, суўласніца Куку, якая з 2013 года працуе з праектам.
Саша мяркуе, што ў новай стратэгіі ад сайта найхутчэй праект адмовіцца, цалкам перайшоўшы на іншыя пляцоўкі.
«Па-першае, сайт заблакаваны і колькасць чытачоў там мізэрная: за 3 гады яна ўпала ў 100 разоў і працягвае падаць. Па-другое, сайт у нас складаны і цяжкі, а сайтацэнтрычная рэдакцыя абыходзіцца занадта дорага кожны месяц, гэтыя грошы нам усё цяжэй знаходзіць. Але паколькі Куку заўсёды быў пра эксперымент і свежыя ідэі, то мы паспрабуем з камандай зрабіць медыя на Патрэоне, які цяпер дае такую магчымасць. Цяпер на старонцы Куку там толькі мерч, але ў планах размяшчаць кантэнт, бясплатны для чытача, плюс бонусы для тых, хто хоча падтрымаць рэдакцыю», — кажа Саша.
Пасля выбараў 2020 года рэдакцыя Kyky, як і большасць незалежных медыя, была вымушаная пакінуць Беларусь. Сузаснавальнік выдання бізнэсмен Аляксандр Васілевіч быў асуджаны нібыта за ўхіленне ад выплаты падаткаў (ч. 1 арт. 243 КК) да 3 гадоў калоніі. Ён быў прызнаны палітвязнем, а пасля вызвалення выехаў з Беларусі.
Апошнім часам пра праблемы з фінансаваннем і праз гэта пра магчымасць абмежавання ці ўвогуле спынення працы гаварылі і прадстаўнікі іншых беларускіх незалежных СМІ.
Чытайце таксама: