Беларускі Чырвоны Крыж спыняе дапамогу мігрантам

Беларускі Чырвоны Крыж заявіў аб прыпыненні грашовай падтрымкі бежанцам і мігрантам, патлумачыўшы гэта спыненнем супрацоўніцтва з партнёрамі.

12.01.2024 / 16:19

Фота: БЧК

«У сувязі са спыненнем супрацоўніцтва з партнёрамі, якія курыравалі ў Беларусі праектную дзейнасць, накіраваную на падтрымку замежных грамадзян — бежанцаў і асоб, якія шукаюць прытулак, вымушаных мігрантаў, асоб без грамадзянства, іх грашовая падтрымка (выдача ваўчараў, кампенсацыя затрат на медыцынскія паслугі, выплаты для арганізацыі дзіцячага летняга вольнага часу) прыпынены», — гаворыцца ў заяве БЧК у тэлеграме.

Разам з тым там звяртаюць увагу, што вышэйназваным катэгорыям грамадзян будзе па-ранейшаму аказвацца гуманітарная дапамога (сродкі гігіены, адзенне, абутак і інш.)

1 снежня членства Беларускага Чырвонага Крыжа ў Міжнароднай федэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца было прыпынена. Арганізацыя пазбавілася фінансавання ад Міжнароднай федэрацыі.

Nashaniva.com