Два гады таму ў Беларусі выратавалі медзведзяня, што засталося без мамы. Што з ім цяпер?

Сірата, якой пазней далі імя Брунхільда, спачатку нейкі час жыла ў Мінскім заапарку.

12.01.2024 / 10:32

Фота: Bremor

Аднак у нас у краіне няма спецыяльных месцаў для рэабілітацыі мядзведзяў. У выніку жывёліну вырашылі адправіць у цэнтр Bear Again у Румыніі, піша Office Life.

Два гады таму ўсе выдаткі, уключаючы вакцынацыю і пералёт, узяла на сябе кампанія Bremor. Садзейнічанне аказвала і Міністэрства прыроды, якое дамовілася з румынскім цэнтрам рэабілітацыі праз Фонд абароны мядзведзяў World of Bears.

«Тады гэта рашэнне дапамагло выратаваць жыццё медзведзяняці, і цяпер мы вельмі рады, што ў Румыніі дзяўчынка хутка пайшла на папраўку і неўзабаве стане паўнавартаснай мядзведзіцай», — распавяла намесніца дырэктара па маркетынгу кампаніі Bremor Алеся Еліна.

У Румыніі Брунхільда пачуваецца добра. Яна любіць гуляцца. З ежы аддае перавагу яблыкам.

Дарэчы, у Беларусі такія бурыя мядзведзі адносяцца да чырванакніжных відаў. У нашых лясах жыве каля 700 мішак, а больш за ўсё іх на поўначы краіны.

Nashaniva.com