Бутыляваная вада забруджаная мікрапластыкам у каласальным маштабе — вучоныя
Новае даследаванне выявіла, што ў адным літры бутыляванай вады ўтрымліваецца каля 240 тысяч часцінак мікрапластыку. Праўда, уплыў яго на здароўе пакуль не даследаваўся.
11.01.2024 / 21:23
Фота: Khatawut Chaemchamras / Vecteezy
Як піша Le Monde, амерыканскія даследчыкі выявілі, што бутыляваная вада мае нечакана высокую ступень забруджанасці мікрапластыкам. Сваімі вынікамі вучоныя падзяліліся ў часопісе Proceedings of the National Academy of Sciences.
Як паведамляецца, у сярэднім у адным літры вады ў пластыкавай бутэльцы ўтрымліваецца каля 240 тысяч часцінак мікрапластыку. Былі пратэставаныя бутэлькі з вадой трох вытворцаў.
У вадзе былі знойдзены сем відаў мікрапластыку. У прыватнасці, поліамід, поліпрапілен, поліэтылен, ПВХ і нават ПЭТ. У вадзе першых двух брэндаў значную долю (ад 70 да 80%) складаў поліамід. А вось у вадзе трэцяга брэнду на яго прыходзілася толькі 17% усёй масы пластыку. А вось ПЭТ склаў 63%.
Гэтая лічба каласальна (ад ста да тысячы разоў) адрознівацца ад тых, што прыводзіліся раней. Такую колькасць часцінак вучоныя здолелі выявіць дзякуючы новым аптычным тэхналогіям, якія могуць знаходзіць і вызначаць характарыстыкі мікра– і наначастак пластыку.
Аўтары не раскрываюць назвы трох вытворцаў бутыляванай вады, але сцвярджаюць, што такі ўзровень забруджанасці, імаверна, будзе і ў іншых вытворцаў.
Вучоныя звяртаюць увагу, што часткі мікрапластыку з вадой трапляюць у арганізм чалавека, дзе з поспехам пераадольваюць біялагічныя бар'еры і з крывёй распаўсюджваюцца па ўсіх органах, уключаючы мозг. Але пакуль не хапае ведаў адносна таго, якія рызыкі для здароўя гэта нясе. У той жа час вучоныя адзначаюць, што таксічныя рэчывы (напрыклад, бісфенолы), якія пераносяцца гэтымі мікра– і наначасцінкамі, узмацняюць іх шкоднае ўздзеянне.
У 2023 годзе французскія вучоныя высветлілі, што мікрапластык аказвае шкоднае ўздзеянне на кішэчную флору, зніжаючы колькасць карысных бактэрый і павялічваючы колькасць патэнцыйна патагенных.
У 2022 годзе італьянскія даследчыкі выявілі забруджанасць мікрапластыкам груднога малака ў большасці кормячых жанчын. А нідэрландскія вучоныя падлічылі, што колькасць мікрапластыку, які цыркулюе ў крыві чалавека, складае прыкладна 1,6 міліграма на літр крыві. Але даследчыкі здолелі выявіць толькі мікрачасцінкі памерам большым за 700 нанаметраў. І гэта не дазваляе гаварыць аб сапраўдным маштабе забруджанасці.
Чытайце яшчэ:
Еўрапейцаў пазбаўляюць аднаго з сімвалаў свята і гламуру
Навукоўцы знайшлі мікрапластык у аблоках. Гэта можа несці сур'ёзныя наступствы для свету
Мікрапластык можа трапляць у мозг і выклікаць змены ў паводзінах — новае даследаванне