Упершыню Лукашэнка не выступаў па-беларуску на цырымоніі ўручэння прэміі «За духоўнае адраджэнне»

Традыцыйна гэта было адзінае мерапрыемства, дзе Аляксандр Лукашэнка прамаўляў не па-руску. Ці прынамсі не толькі па-руску.

09.01.2024 / 21:41

У Мінску прайшла цырымонія ўручэння прэмій «За духоўнае адраджэнне» і «Беларускі спартыўны Алімп». Яна праходзіць штогод (раней раз на два гады), у ёй традыцыйна прымае ўдзел Аляксандр Лукашэнка.

Адметнасць цырымоніі заўсёды была ў тым, што гэта рэдкі выпадак, калі Аляксандр Лукашэнка выступаў па-беларуску. Няхай часткова — некалькі хвілін з агульнай прамовы, — няхай па паперцы, але ўсё ж па-беларуску.

Гэтаксама было і ў мінулым годзе, і раней. І вось у 2024 годзе Лукашэнка ўпершыню цалкам адмовіўся ад беларускай мовы. 

Праўда, было і адно выключэнне. У зняважлівым стылі падчас рускамоўнай прамовы было выкарыстана беларускае слова «заняпад». Па меркаванні Лукашэнкі, «беглыя гвалтам крычаць пра заняпад духоўнасці і культуры», але ўсё гэта няпраўда.

Nashaniva.com