З турмы ў Эквадоры прапаў вядомы мафіёзі. І ў краіне абвясцілі надзвычайнае становішча

Адольфа Масіяс Вільямар па мянушцы Фіта сядзеў ужо 12 гадоў і пры гэтым узначальваў магутную мафіёзную групоўку.

09.01.2024 / 08:17

Скрыншот відэа El Pais

З камеры ў эквадорскай турме знік лідар злачыннай групоўкі, якую, у прыватнасці, падазраюць у забойстве кандыдата ў прэзідэнты краіны. У краіне абвешчана надзвычайнае становішча тэрмінам на два месяцы, піша Бі-бі-сі.

44-гадовы Адольфа Масіяс Вільямар па мянушцы Фіта сядзеў ужо 12 гадоў і пры гэтым узначальваў магутную мафіёзную групоўку «Лос Чанерас» («людзі з горада Чоне»). Камера Вільямара знаходзіцца ў той частцы турмы ў горадзе Гуаякіль, якая тэарэтычна павінна ахоўвацца асабліва старанна.

Прэзідэнт Эквадора Даніэль Набоа абвясціў надзвычайнае становішча тэрмінам на 60 дзён, якое прадугледжвае, у прыватнасці, часовую забарону на публічныя сходы і каменданцкую гадзіну.

Па словах прэзідэнта Набоа, рэжым надзвычайнага становішча дазволіць вайскоўцам і паліцыі ўзяць пад прамы кантроль турмы краіны.

«Лос Чанерас» фактычна кантралююць большую частку рэгіянальнай турмы ў Гуаякіле, дзе сядзеў Фіта.

«Наркатэрарыстычныя групоўкі хочуць запалохаць нас і думаюць, што мы саступім іх патрабаванням, — заявіў прэзідэнт Набоа. — Але мы не будзем весці перамовы з тэрарыстамі і мы не супакоімся, пакуль не адновім мір у краіне».

35-гадовы Даніэль Набоа перамог на прэзідэнцкіх выбарах у кастрычніку мінулага года, менш за тры месяцы таму. Падчас перадвыбарчай кампаніі быў забіты адзін з кандыдатаў, былы журналіст і змагар з мафіяй Фернанда Вільявісенсіа, і ў датычнасці да гэтага забойства падазраюць «Лос Чанерас» і асабіста Фіта, які пагражаў палітыку.

Як тлумачыць эквадорская паліцыя, адсутнасць Фіта ў камеры было выяўлена ў нядзелю. Яго шукалі па ўсім крыле турмы, што вельмі строга ахоўваецца, але так і не знайшлі.

Пакуль не ясна, збег Фіта ці ж хаваецца дзесьці на тэрыторыі вялікага турэмнага комплексу. Калі менавіта Фіта знік з камеры, паліцыя таксама не ведае.

Па словах начальніка паліцыі, Фіта шукалі і шукаюць сотні паліцэйскіх.

Рэгіянальная турма (La Regional) з'яўляецца складовай часткай турэмнага комплексу, у які ўваходзяць пяць папраўчых устаноў. У іх сядзяць больш за 12 тысяч зняволеных.

У мінулым жніўні Фіта перавялі ў іншую турму комплексу, La Roca. Яна лічыцца больш надзейнай, бо там менш зняволеных.

Перавод Фіта быў цэлай вайсковай аперацыяй з удзелам некалькіх тысяч салдат.

Але неўзабаве адвакат Фіта падаў апеляцыю на яго перавод і выйграў яе, пасля чаго мафіёзі вярнулі ў La Regional.

Фіта аднойчы ўжо збег з гэтага турэмнага комплексу. У 2013 годзе ён і яшчэ 17 зняволеных выбраліся з La Roca і на лодках перабраліся праз раку, якая служыць мяжой комплексу.

Праз чатыры месяцы Фіта разам з братам, таксама членам «Лос Чанерас», злавілі ў доме іх маці ў горадзе Манта.

З тых часоў Фіта турму не пакідаў. Пры гэтым лідарам групоўкі ён стаў у зняволенні, у 2020 годзе, пасля забойства папярэдняга верхавода Хорхе Луіса Самбрана.

«Лос Чанерас» займаюцца ў асноўным наркагандлем і рэкетам і супрацоўнічаюць з магутным мексіканскім картэлем Сіналоа.

Чытайце таксама:

Калумбія хоча стэрылізаваць «какаінавых бегемотаў», якія размнажаюцца што дурныя

На руцэ дарадцы новага аргенцінскага прэзідэнта заўважылі расійскую турэмную татуіроўку

У Эквадоры забілі другога палітыка за тыдзень. Да выбараў застаецца пяць дзён

Nashaniva.com