Кампаніі з Беларусі і Расіі падаюць пазовы да «Вострава чысціні»

Некалькі кампаній падалі пазовы да асноўнай юрыдычнай асобы сеткі крам «Востраў чысціні і смаку», пра гэта сведчыць расклад пасяджэнняў Эканамічнага суда Гродзенскай вобласці, піша «Спутнік».

08.01.2024 / 14:18

Напрыклад, кампанія-арэндадаўца «Лерынбудінвест» падала пазоў аб запазычанасці па арэнднай плаце да «Захадхімгандаль», якая з'яўляецца ўладальнікам «Вострава чысціні». Пададзены пазоў і ад іншага арэндадаўцы — ТАА «Гандлёвыя рады «Магістраль».

З «Западхімгандлем» таксама судзяцца «Інгман марожанае»(вытворца марожанага з Гомеля) і «Беллакт-сталіца»(дыстрыб'ютар прадуктаў харчавання «Беллакт»). Некалькі пазоваў пададзеныя ад Белаграпрамбанка.

Ёсць сярод тых, хто хоча вярнуць даўгі, і расійскае прадпрыемства «Катон Клаб», якое вырабляе сродкі асабістай гігіены. Яно падало пазоў на беларускае ТАА «Фабрыка Ромакс», якое звязана з сеткай «Востраў чысціні і смаку». Пакуль што сумы спрэчак у расійскай базе арбітражных спраў не значацца.

Вядома, што ў 2022 годзе «Катон Клаб» ужо падаваў пазоў больш чым на 5 млн расійскіх рублёў (звыш 180 тысяч беларускіх). Гэта перадаплата па дамове пастаўкі тавару. Па нейкай прычыне кампанія адклікала пазоў.

Раней паведамлялася, што ў многіх крамах беларускай сеткі значна паменшыўся асартымент тавараў. Некаторы час не працаваў сэрвіс анлайн-замовы тавараў. Як тлумачыла крыніца ў адной з кампаній-пастаўшчыкоў, прычына праблем сеткі — у даўгах.

Пакуль што гаворкі пра банкруцтва «Вострава чысціні і смаку» не ідзе.

Nashaniva.com