Польскія памежнікі анулявалі беларусу візу і абавязалі вярнуцца на радзіму
31-гадоваму грамадзяніну Беларусі анулявалі польскую працоўную візу і абавязалі вярнуцца на радзіму. Падставай стала тое, што «мэта знаходжання не адпавядала заяўленай».
06.01.2024 / 19:31
Фота: nadodrzanski.strazgraniczna.pl
Грамадзяніна Беларусі затрымалі 3 студзеня на нямецка-польскай мяжы падчас мерапрыемстваў, накіраваных на кантроль законнасці знаходжання іншаземцаў.
Беларуса, які рухаўся з Германіі ў Польшчу, праверыў польска-нямецкі памежны патруль. Мужчына падаў для кантролю беларускі пашпарт і дзейную візу, выдадзеную для працы ў Польшчы.
«Аднак ён не ўладкаваўся на працу ў адпаведнасці з выдадзенай візай і не спрабаваў уступіць у кантакт са сваім працадаўцам. З заявы беларуса вынікала, што ён жыў у сяброў у Германіі каля месяца», — гаворыцца ў прэс-рэлізе Польскай памежнай службы.
У выніку візу беларуса анулявалі і вынеслі рашэнне, якое абавязвае яго вярнуцца ў Беларусь на працягу 8 дзён. Таксама яму забаронены паўторны ўезд у Польшчу і іншыя краіны Шэнгенскага пагаднення на працягу 1 года.
Чытайце таксама:
Польскі і літоўскі візавыя цэнтры паднялі цэны на паслугі
У Беларусі забароняць рэкламаваць працу і вучобу за мяжой
Сям’ю ўцекачоў з Беларусі ўлады Літвы вывезлі ў Польшчу. Чаму так адбылося