Першы сакратар БРСМ пахваліўся адпачынкам у зруйнаваным Марыупалі
Першы сакратар БРСМ Аляксандр Лук’янаў вырашыў падвесці вынікі года. Пахваліўся «адпачынкам 2023» і запосціў здымкі з Рыгорам Азаронкам. Геалакацыя пазначана як Марыупаль.
03.01.2024 / 15:39
«Абмен вопытам з кіраўніцтвам федэральнага агенцтва «Расмаладзь», кіраўніцтвам МГАР, РРДМ, міністрамі па маладзёжнай палітыцы Луганскай, Данецкай народных рэспублік, а таксама Запарожскай і Харкаўскіх абласцей быў важны і неабходны для разумення маштабных працэсаў працы з моладдзю Данбаса ключавых маладзёжных арганізацый Расіі і генерацыі новага пакаленні маладзёжных лідэраў, многія з якіх у свае 23-25 гадоў ужо вопытныя франтавікі-апалчэнцы, якія выразна падзяляюць чорнае ад белага», — напісаў Лук’янаў.
Скрыншот інстаграму Аляксандра Лук'янава
Не абышлося і без любімага прапагандыстамі тэзіса «хочаце як ва Украіне?».
«Маладым беларусам варта яшчэ раз задумацца: ад чаго мы адышлі ў 2020 годзе, калі б хоць на хвіліну наша ўлада здрыганулася і праявіла слабасць! Наступствы былі б значна горшыя, чым ва Украіне. Памятайце гэта і разумейце!» — пераконвае Лук’янаў.
Лідар БРСМ таксама падкрэсліў, што Беларусь была і застаецца саюзнікам Расіі, які цалкам раздзяляе мэты і задачы вайны. А Лукашэнка, па словах галоўнага бэрээсамаўца, робіць усё магчымае і немагчымае для таго, каб у рэгіёне быў мір.
Дарэчы, некалькі дзён таму Ксенія Лебедзева таксама вырашыла распавесці, як летась адпачывала на акупаваных тэрыторыях.
Скрыншот інстаграму Ксеніі Лебедзевай
«Паездка атрымалася спантаннай, але вельмі насычанай. Запісвалі інтэрв'ю з «Абхазам», а ён у размове згадаў Крым і дадаў: «Ну самі ўсё пабачыце»… Так з'явілася думка, што Ялта і Севастопаль ад Данецка не такія ўжо і далёкія. А пасля абставіны склаліся так, што дарога прывяла ў Ялту», — напісала прапагандыстка.
Чытайце таксама: