Прэзідэнт Аргенціны паляцеў звычайным самалётам. І гэта самалёт «Белавія»

Новы прэзідэнт Аргенціны Хаўер Мілей вядомы сваім імкненнем да скарачэння дзяржаўных выдаткаў, а таксама эпатажнасцю і папулізмам. Таму выбар звычайнага рэйса для пералёту адпавядае яго іміджу. Але прычым тут «Белавія»?

30.12.2023 / 12:09

На здымку злева — аздоба офісу «Белавія», справа — прэзідэнт Аргенціны Хаўер Мілей на борце самалёта. Фота: сацыяльныя сеткі

Нядаўна ў сацыяльных сетках распаўсюдзілася відэа, на якім бачна, як прэзідэнта Аргенціны Хаўера Мілея цёпла вітаюць на авіяборце. Але ў гэтай падзеі ёсць яшчэ адна адметнасць — сам самалёт. На кадрах відэа добра бачна, што ў аздобе салону прысутнічае сімволіка беларускага авіяперавозчыка — сіняя валошка.

Як самалёт «Белавія» патрапіў у Аргенціну? Прычынай гэтаму паслужылі санкцыі, уведзеныя супраць беларускага рэжыму і авіяперавозчыка. Як піша інтэрнэт-рэсурс Simple Flying, першапачаткова самалёт Boeing 737 MAX (менавіта ў яго салона зняты Мілей) быў выпушчаны спецыяльна для «Белавія» і свой першы палёт здзейсніў у кастрычніку 2021 года.

Яшчэ ў 2018 годзе «Белавія» падпісала лізінгавую дамову на набыццё пяці самалётаў Boeing 737 MAX 8, якімі планавалася замяніць састарэлыя Boeing 737-300 і B737-500. У красавіку 2021 года «Белавія» паспяхова атрымала першы. Аднак неўзабаве былі ўведзеныя санкцыі, якія не дазволілі перадаць астатнія самалёты беларускаму боку. Таму вытворца перанакіраваў іх авіяперавозчыкам іншых краін.

Новы самалёт, які стаў сёмым такога тыпу ў парку Aerolíneas Argentinas, паступіў з некаторымі фрагментамі ліўрэі «Белавіа». Так, на хвасце прысутнічаў лагатып беларускай авіякампаніі. Пазней самалёт перафарбавалі. Але ў салоне, як можна заўважыць, засталіся некаторыя элементы, уласцівыя беларускай авіякампаніі.

Чытайце яшчэ:

«Белавія» расказала пра вынікі года і планы па новых рэйсах

Колькасць самалётаў, што лётаюць праз беларускую паветраную прастору, скарацілася ў 10 разоў

У Мінск пачынае лётаць турэцкая авіякампанія

Антось Жупран