«Анка» — новая суперзброя Турцыі

Турцыя працягвае пераўзбраенне. Нядаўна яна прэзентавала свой новы беспілотнік «Анка-3», які здзівіў увесь свет. Расказваем, што гэта за зброя.

03.01.2024 / 10:43

Новы турэцкі беспілотнік «Анка-3». Фота: Wikimedia Commons

Заняўшы пасаду прэзідэнта Турцыі ў 2014 годзе, Рэджэп Таіп Эрдаган ініцыяваў змяненне абароннай стратэгіі краіны. Згодна з новым планам, Анкара павінна мінімізаваць імпарт зброі з іншых краін і стварыць уласную самадастатковую вайсковую прамысловасць.

Планы мелі поспех, трэба ў гэтым сэнсе аддаць Эрдагану належнае. 28 снежня ў сваім акаўнце ў Х ён размясціў відэа паспяховага першага палёту беспілотніка «Анка-3», які можа несці як ракеты, так і авіябомбы.

TUSAŞ tarafından geliştirilen insansız savaş uçağımız Anka III, bugün ilk uçuşunu başarıyla gerçekleştirdi. İnşallah uçağımız, sahip olduğu gelişmiş teknolojilerle, tasarımıyla ve özellikleriyle ülkemizin savunmasına çok güçlü bir katkı sağlayacak. pic.twitter.com/ElZaSoNRVo

— Recep Tayyip Erdoğan (@RTErdogan) December 28, 2023

Распрацоўка беспілотніка, паводле паведамленняў профільных выданняў, была распачатая ў лютым 2022 года, але трымалася пад сакрэтам да канца мінулага года. Лятаючы апарат створаны з выкарыстаннем стэлс-тэхналогій («лятаючае крыло»), што робіць яго малазаўважным для радыёлакацыйных станцый (РЛС).

Самалёт абсталяваны адным турбавентылятарным рухавіком. Максімальная вышыня палёту беспілотніка складае 12 кіламетраў, час знаходжання ў паветры — 10 гадзін, карысная нагрузка — 1200 кілаграмаў, максімальная хуткасць — звыш 800 км/г.

Новая турэцкая суперзброя будзе выкарыстоўвацца для выканання складаных баявых аперацый. Як паведамляецца, Анка-3 — беспілотнік новага пакалення. Ён забяспечвае разведку і назіранне, можа атакаваць рознымі боепрыпасамі класа «паветра-зямля», высочваць і збіваць верталёты, вінтавыя самалёты і БПЛА праціўніка боепрыпасамі «паветра-паветра», нейтралізаваць РЛС і супрацьпаветраную абарону праціўніка, забяспечваць абарону сваіх сіл у паветры і на сушы, весці радыёэлектронную барацьбу.

У планах таксама стварэнне палубнай версіі, здольнай узнімацца з палубы дэсантнага карабля/авіяносца.

Як адзначаюць вайсковыя аналітыкі, Эрдаган паказаў, што можа забяспечваць Турцыю ўзбраеннем нават без дапамогі Захаду.

Чытайце яшчэ:

Ахоўнік Эрдагана нейтралізаваў асу, якая нахабна села на плячо прэзідэнта падчас выступу ў парламенце

Украінскія вайскоўцы тэсціруюць новы беспілотнік

Паміж Расіяй і Украінай ідзе вайна беспілотнікаў нечуванага маштабу

Антось Жупран