Што вядома пра затрыманых маці і бабулю, якім сілавікі пагражаюць Новым годам на Акрэсціна

Жанчынам закідаюць удзел у пратэстах у 2020-м і тое, што яны бралі з сабой дзіця на жаночыя маршы.

28.12.2023 / 16:30

Затрыманыя Юлія і Тамара Каралёвы

Затрыманых клічуць Юлія і Тамара Каралёвы. Вядома, што ў Юліі ёсць 4-гадовы сын. Разам з мужам Алесем Місуна яна займаецца лёгкай атлетыкай і рэгулярна бегае паўмарафоны.

Алесь — адзін з самых паспяховых маладых прадпрымальнікаў Беларусі. Ён сузаснавальнік digital-агенцтва Qmedia.

Тамара і Юлія маюць уласны бізнэс — фірму «Каралёў трэйд», якая існуе больш за 15 гадоў. Кампанія прадае паслугі і тавары ў сферы «прыгажосці, спа і вэлнэс». Акрамя касметыкі, гэта яшчэ і апараты для стварэння спа-зонаў і салонаў прыгажосці, а таксама паслугі па афармленню салонаў пад ключ.

Тамара — дырэктарка Асацыяцыі прыкладной эстэтыкі і спа Беларусі, а Юлія — ейная намесніца ў гэтай арганізацыі. Асацыяцыя распрацоўвае дзяржаўныя стандарты па спа-паслугах.

Іх затрымалі праз фота з жаночых маршаў. Але на ўсіх прадэманстраваных выявах жанчыны стаяць на пешаходных сцежках.

Таксама Юлія брала з сабой на адзін з пратэстаў дзіця, што ім таксама закідаюць губазікаўцы. Сілавікі пагражаюць, што яны правядуць «навагоднія святы на Акрэсціна». Сітуацыя незразумелая, бо жанчыне з непаўналетнім дзіцём не могуць прысудзіць суткі, максімальнае пакаранне ў яе выпадку — штраф.

Чытайце таксама:

Распазнаванне твараў: што гэта такое, як яно працуе і якія здольнасці беларускіх сілавікоў

Затрымліваюць людзей, у якіх адшукалі фота з пратэстаў у Google Photos. Як абараніць сябе — пакрокавы гайд

Прапагандыстка Худалей, якая працавала на жаночых маршах, звольнілася з СТБ і шукае працу ў IT

Nashaniva.com