Расіяне плануюць вывозіць украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый праз Беларусь — упаўнаважаны па правах чалавека

Амбудсмен лічыць, што такім чынам расіяне могуць спрабаваць максімальна закрыць інфармацыю аб тым, што ўкраінскія дзеці знаходзяцца на тэрыторыі Расіі.

28.12.2023 / 08:12

Фота: БелТА

Расіяне складаюць спісы дзяцей з часова акупаваных тэрыторый Украіны, якіх плануюць вывозіць у РФ праз Беларусь, пра гэта заявіў упаўнаважаны па правах чалавека ва Украіне Дзмітрый Лубінец.

«Мы фіксуем новую сістэмную праблему, калі расіяне дэпартуюць украінскіх дзяцей менавіта праз тэрыторыю Беларусі. Паводле маёй інфармацыі, яны ўвесь час складаюць новыя спісы дзяцей, якія цяпер знаходзяцца на часова акупаванай тэрыторыі Украіны, у прыватнасці ў Данецкай і Луганскай абласцях, і будуць праз тэрыторыю Беларусі вывезеныя ў РФ».

Амбудсмен лічыць, што такім чынам расіяне могуць спрабаваць максімальна закрыць інфармацыю аб тым, што ўкраінскія дзеці знаходзяцца на тэрыторыі РФ.

Лубінец выказаў меркаванне, што Беларусь для расіянаў — гэта дадатковы фактар, як схаваць інфармацыю аб дэпартаваных украінскіх дзецях.

Паводле яго слоў, устанаўленне факта дэпартацыі і верыфікацыя дзіцяці — гэта карпатлівая праца. Трэба высветліць, хто ўзяў дзяцей, адкуль, як ён іх прывёз на тэрыторыю РФ. А калі гэта адбываецца праз тэрыторыю Беларусі, то знайсці такую інфармацыю максімальна складана.

Адказваючы на пытанне, колькі ў цэлым украінскіх дзяцей знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі, амбудсмен адзначыў, што іх могуць быць тысячы.

Але, з ягоных слоў, яны там знаходзяцца часова: «То-бок гэта прамежкавы пункт у лагістыцы перад транспарціроўкай у РФ».

Nashaniva.com