Другой суседкай на балі Лукашэнка абраў дзяўчыну ўзросту сваёй унучкі
На навагоднім балі побач з Лукашэнкам сядзела і дзяўчына, якая раней не трапляла ў аб'ектыў фотакамераў — 20-гадовая Ксенія Салей. Расказваем, што пра яе вядома.
28.12.2023 / 00:19
Лукашэнка і Ксенія Салей. Фота: партал Лукашэнкі
Ксенія Салей з горада Іўе ці яго ваколіцаў. Ксенія — студэнтка чацвёртага курса спецыялізацыі «Друкаваныя СМІ» Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
Пра сябе дзяўчына расказвала мясцовай газеце, што яшчэ ў 11-м класе вырашыла стаць журналісткай. І пра выбар прафесіі, маўляў, не шкадуе.
Дзяўчына — актывістка ў сваім універсітэце, хоць інфармацыі пра тое, што яна сябра БРСМ ці прафсаюзаў, знайсці не ўдалося. Аднак у яе часта бяруць інтэрв'ю праўладныя медыя. Пра рэферэндум наконт зменаў канстытуцыі, які адбыўся адразу пасля пачатку расійскага ўварвання ва Украіну, яна распавядала так:
«Сёння я галасую ўпершыню. Гэта вельмі адказны крок для мяне. Я лічу, што менавіта ў нашых руках, руках моладзі, знаходзіцца будучыня краіны. У нас ёсць магчымасць зрабіць свой выбар тут і цяпер. Думаю, сённяшняя падзея застанецца ў маёй памяці».
Там жа яна казала, што робіць гэта асэнсавана, маўляў, прааналізавала ўсе змяненні ў Канстытуцыі і гаворыць ім «так».
Ксенія Салей
У дзяржаўных СМІ яна расказвала, што ганарыцца сваёй прафесіяй і тым, што вучыцца ў ГрДУ.
Ксенія падпрацоўвае ў газетах «Іўеўскі край» ды «Гродзенская праўда» як журналістка. Робіць матэрыялы і для іншых медыя — напрыклад, універсітэцкіх. Яна піша пра ўсё запар: пра спорт, маладых спецыялістаў ды мясцовыя святы.
Сёння Ксенія Салей упершыню з'явілася на такім буйным мерапрыемстве. Лукашэнка пасадзіў яе леваруч ад сябе — справа сядзела 25-гадовая афіцэрка Уладлена Зайцава.
Ксеніі 20 гадоў. І, калі верыць інтэрнэт-крыніцам, Лукашэнкава сярэдняя па ўзросце ўнучка Анастасія, дачка Дзмітрыя Лукашэнкі, таксама 2003 года нараджэння.
Старэйшая 25-гадовая ўнучка Лукашэнкі Вікторыя, дачка Віктара Лукашэнкі, выйшла замуж за аднагрупніка з Полацка два гады таму.
Чытайце таксама:
Стала вядома, з кім танцаваў Лукашэнка на рэспубліканскім балі
Лукашэнка: Ніхто на нас не збіраецца нападаць. У тым ліку ўкраінцы