Брытанскаму прынцу Луі ўпершыню дазволілі надзець штаны
Раней юны прынц выходзіў у свет выключна ў шортах, нават у халоднае надвор'е.
27.12.2023 / 14:48
Прынц Луі на фота другі справа. Фота: Kin Cheung / AP
Пяцігадовы Луі Уэльскі — сын прынца Уільяма і Кейт Мідлтан. Луі — чацвёрты ў чарзе спадчыннік брытанскага трона.
Некалькі дзён таму ён разам з усёй каралеўскай сям'ёй наведаў калядную службу ў царкве св. Марыі Магдаліны ў Сандрынгеме на паўночным усходзе Англіі.
Як адзначае аглядальнік Bild Бэціна фон Шымельман, Луі ўпершыню з'явіўся на публіцы ў штанах, а не ў шортах.
Раней юны прынц выходзіў у свет выключна ў шортах, нават у халоднае надвор'е. Журналістка піша, што ў чапурыстай Англіі шорты — прыкмета вышэйшага класа, сярод арыстакратаў там дагэтуль лічыцца вельмі вытанчаным адзяваць хлопчыкаў толькі ў шорты да 8-9 гадоў.
Як тлумачаць брытанскія эксперты моды, у краіне гістарычна склалася, што шорты — сімвал прыналежнасці да вышэйшага пласта грамадства, штаны — да сярэдняга класа, а джынсы — да ніжэйшага.