З'явіліся свежыя фотаздымкі Чырвонага касцёла. Відовішча бязрадаснае

Фатаграфіі амаль ні чым не адрозніваюцца ад тых, што былі апублікаваныя ў канцы 2022 года. 

26.12.2023 / 15:04

«Пасля ўзгарання гэтая святыня ўжо другі год закрыта для вернікаў, для правядзення літургічных богаслужэнняў, апячатана і чакае рэстаўрацыі. Ужо некалькі разоў у СМІ і тэлебачанні прайшла інфармацыя пра запланаваны рамонт.

Увесь прыход касцёла Святых Сымона і Алены, які налічвае каля 10 000 тыс. прыхаджан, і мінчан, якія наведвалі духоўныя канцэрты арганнай музыкі, выставы, гатовы далучыцца і дапамагчы ў працах па аднаўленні пашкоджанняў, каб святыня зноў славіла Госпада і суцяшала людзей», — гаворыцца ў заяве парафіяльнага камітэта.

Камітэт публікуе гэтыя фоты, каб пераканаць гарадскія ўлады, што можа ў кароткі тэрмін аднавіць усе пашкоджанні, і вярнуць святыні годны выгляд і далей сумленна клапаціцца пра яе.

«Просім дзяржаўныя ўлады, ад якіх залежыць лёс Храма, візітнай карткі нашай сталіцы, адкрыць яго вернікам для малітвы і праслаўлення Усявышняга. Тысячы турыстаў, наведваючы нашу сталіцу, заходзілі ў наш храм і з асалодай слухалі калядныя спевы пад гукі арганнай музыкі. (…) Просім дзяржаўныя ўлады: зрабіце падарунак нам, вернікам, усім гараджанам і гасцям сталіцы — радасць калядна-навагодняга цуду — вярніце нам Божы храм!», — заклікае парафіяльны камітэт.

Чырвоны касцёл быў закрыты для наведвання ў канцы верасня 2022 года пасля загадкавага пажару. Службы праходзяць у Кафедральным касцёле на плошчы Свабоды.

Чытайце таксама:

Праект рэканструкцыі Чырвонага касцёла «запусцілі ў працу»

Nashaniva.com